Суддзя Фрунзенскага раённага суда Яўген Пісарэвіч адмовіўся выклікаць хуткую дапамогу праваабаронцу Алегу Воўчаку, якому стала кепска падчас судовага пасяджэння.

Андрэй Бандарэнка, які прысутнічаў на судзе, за патрабаваньне ўсё ж выклікаць лекараў быў выдалены з залы суда. Ён патэлефанаваў у хуткую дапамогу, і Воўчака з гіпэртанічным крызам даставілі ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі. А судзьдзя Пісарэвіч пасьля шпіталізацыі Воўчака вынес рашэньне — аштрафаваць яго на 585 рублёў.

21 сакавіка суд Фрунзэнскага раёну сталіцы прысудзіў кіраўніку праваабарончага цэнтру «Прававая дапамога насельніцтву» Алегу Воўчаку 13 сутак адміністрацыйнага арышту завочна — за ўдзел у «Маршы недармаедаў», што адбыўся 17 лютага. Спадар Воўчак падаў скаргу, і Менскі гарадзкі суд накіраваў справу на дадатковае расьсьледаваньне — бо міліцэйскі пратакол ня быў падпісаны супрацоўнікам міліцыі, а гэта грубае працэсуальнае парушэньне.

4 ліпеня ў другой палове дня ў судзе Фрунзэнскага раёну разглядалася ўжо дапрацаваная міліцыянтамі справа. Як распавёў Свабодзе праваабаронца Андрэй Бандарэнка, на чацьвёртай гадзіне разгляду справы, каля 19-й гадзіны, Алегу Воўчаку стала дрэнна — рэзка ўзьняўся ціск. Спадар Воўчак выступіў з хадайніцтвам, каб паседжаньне перанесьлі і выклікалі яму хуткую дапамогу. Судзьдзя Яўген Пісарэвіч хадайніцтва адхіліў. Тады Андрэй Бандарэнка ўстаў і пачаў настойваць, каб выклікалі мэдыкаў. Судзьдзя выдаліў Бандарэнку з залі. Той усё ж выклікаў хуткую дапамогу. Мэдыкі паставілі Воўчаку дыягназ — гіпэртанічны крыз, і завезьлі яго ў шпіталь хуткай мэдычнай дапамогі.

Ужо ў адсутнасьць Воўчака судзьдзя Яўген Пісарэвіч вынес рашэньне — аштрафаваць таго на 45 базавых велічыняў, або 585 рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?