Палітык Мікола Абрамчык і паэтка Наталля Арсеннева. Абрамчык супрацоўнічаў з ЦРУ, а Арсеннева — не.

Палітык Мікола Абрамчык і паэтка Наталля Арсеннева. Абрамчык супрацоўнічаў з ЦРУ, а Арсеннева — не.

Беларусы ў праектах ЦРУ ўдзельнічалі не толькі пад эгідай Рады БНР. Хоць супрацоўніцтва Міколы Абрамчыка з амерыканскай разведкай спынілася яшчэ ў снежні 1961 года з ініцыятывы апошняй, беларускія сляды сустракаюцца ў рассакрэчаных архіўных файлах да сярэдзіны 1960-­х.

Як мы ўжо згадвалі, Кастусь Мярляк, галоўны агент з беларускага боку для праекта AEDEPOT (падрыхтоўка кадраў на выпадак вайны з СССР), быў адхілены амерыканцамі ад супрацоўніцтва яшчэ ў ліпені 1959 года. Тым не менш рэкрутаваныя ім кандыдаты працягвалі праходзіць падрыхтоўку. Так, станам на 1964 год па гэтай праграме рыхтавалі каля дзясятка беларусаў, сярод якіх згадваюцца прозвішчы Сацэвіча (імя невядомае, 1925 г.н.) і Сігізмунда Ярашэвіча (1930 г.н.). У праекце ўдзельнічалі маладыя беларусы з ЗША, якія паспелі адслужыць у амерыканскай арміі, некаторыя мелі практыку вайны ў Карэі.

Цікава, што ў спісах праекта AEDEPOT з беларусамі аб’яднаныя прадстаўнікі народаў Каўказа. Іх наборам займаўся Чарым Субзокаў — былы вярбоўшчык Паўночна-каўказскага легіёна Вермахта і афіцэр СС. У 1985 годзе Субзокаў загінуў у выніку выбуху, які прагрымеў перад ягоным домам у Нью­-Джэрсі. Найбольш верагодным матывам арганізатараў ліквідацыі была помста за ўдзел у Халакосце — перадусім у датычнасці да тэракта падазравалі радыкальную Лігу абароны яўрэяў.

Што да выкарыстання агентаў за жалезнай заслонай — Янка Філістовіч і група Вострыкава таксама не былі адзінымі беларусамі, закінутымі ў БССР паветраным шляхам. Так, 25 лістапада 1955 года маскоўская газета «Ізвестія» паведаміла пра яўку з павіннай Адама Мяфодзевіча Новікава, 1925 г.н., ураджэнца БССР. Падчас нацысцкай акупацыі ён пражываў у Магілёўскай вобласці і быў вывезены на працу ў Германію, застаўся на Захадзе. У 1952 годзе Новікаў далучыўся да НТС (Народна-­працоўны саюз — арганізацыя расійскіх салідарыстаў), неўзабаве быў завербаваны ЦРУ і прайшоў падрыхтоўку ў школе ў Бад­-Вісзэ, ФРГ, у межах праекта AESAURUS.

30 красавіка 1953 года Адам Новікаў дэсантаваўся на тэрыторыі Маладзечанскай вобласці з дакументамі на імя Мікалая Іванавіча Нікіціна. Агулам у красавіку 1953 года на тэрыторыі СССР былі дэсантаваныя васьмёра сяброў НТС. У «Ізвестіях» згадана, што, улічваючы раскаянне шпіёна, яго асудзілі на пяць гадоў лагераў. Паводле даклада Берыі ЦК КПСС ад 15 мая 1953 года, Новікаў падчас вайны супрацоўнічаў з акупантамі, а калі пасля дэсантавання ўвесну 1953­-га быў захоплены ў палон, яго вырашылі перавербаваць.

Як бачым, беларусы змагаліся пад рознымі сцягамі і з рознай матывацыяй. Цікава, што захаваліся ў дакументах ЦРУ прынамсі два імені афіцэраў, якія працавалі з беларускай эміграцыяй: Мірон Талочка і Пітэр Капуста. Мірон Талочка нарадзіўся ў 1920 годзе ў Дарбі, штат Пенсільванія, падчас вайны ўдзельнічаў у бітве за выспу Івадзіма, ад 1954 і да смерці ў 1975 годзе працаваў на ЦРУ. Пітэр Капуста перадусім вядомы сваёй датычнасцю да выдачы СССР перабежчыка з КДБ Юрыя Логінава (яго западозрылі як двайнога агента, якім ён насамрэч не з’яўляўся), а таксама ўдзелам у допытах палкоўніка Нацыянальнага фронту вызвалення Паўднёвага В’етнама Нгуен Тая, які правёў пад следствам тры гады ў пафарбаванай набела, пастаянна асветленай і ахалоджанай камеры. Хто ведае — ці не былі Талочка і Капуста таксама нашчадкамі беларускіх эмігрантаў?

Дзеля бацькаўшчыны

Праект AEQUOR, акрамя падрыхтоўкі разведгрупаў, прадугледжваў таксама фінансавую падтрымку для беларускай прэсы. На гэтыя грошы выдавалася ў Мюнхене газета «Бацькаўшчына», заснаваная яшчэ ў 1947 — акурат дзякуючы амерыканскай дапамозе ад 1955 года яна зрабілася штотыднёвікам — дапамога ад ЦРУ складала 90% ад сродкаў, якія выдаткоўваліся на выданне газеты.

Пётра Сыч.

Пётра Сыч.

У 1952 годзе пад рэдактарствам Пётры Сыча з’яўляецца гумарыстычны часопіс «Шарсцень», для якога Рада БНР таксама спадзявалася атрымаць падтрымку. Амерыканцы, аднак, настойвалі на зліцці двух выданняў, аргументуючы, што жарты ды карыкатуры друкуюць і ў сур’ёзных газетах па ўсім свеце. Як вынікае з дакументаў, разыходжанні палягалі не толькі ў стылістычным, але найперш у фінансавым рэчышчы — атрымліваць дапамогу на два выданні было выгадней. Але ў выніку беларусам давялося змірыцца са скарачэннем, і «Шарсцень» перастаў выходзіць.

Грошы на газету выдавец «Бацькаўшчыны» Уладзімір Бортнік атрымліваў ад Барыса Рагулі і ніколі не цікавіўся, адкуль яны бяруцца — як адзначаецца, у яго былі толькі падазрэнні, што дапамога паходзіць з Ватыкана. Паступова, па меры эміграцыі актыўных беларусаў у ЗША, з’явілася меркаванне, што дапамогу варта перанакіраваць ад «Бацькаўшчыны» газеце «Беларус», якая выходзіла ад 1950 года ў Нью-­Ёрку.

Бэнээраўскія выданні былі прызваныя не толькі гуртаваць беларусаў на выгнанні — іх меркавалася распаўсюджваць і за жалезнай заслонай — нездарма нумары «Бацькаўшчыны» мелі пры сабе падрыхтаваныя ЦРУ беларускія дэсантнікі.

«Люблю наш край, старонку гэту»

Эміграцыя хацела дагрукацца да суайчыннікаў на Бацькаўшчыне не толькі і не столькі праз друк. Яшчэ ў 1950 годзе прэзідэнт Рады БНР Мікола Абрамчык уздымаў перад амерыканцамі пытанне радыёвяшчання па-­беларуску. Акурат тады былі створаныя ўкраінская і балтыйскія секцыі радыё «Голас Амерыкі». Абрамчык зазначаў, што колькасць насельніцтва Беларусі перавышае насельніцтва ўсіх краінаў Балтыі разам узятых, а беларуская мова менш падобная да расійскай, чым украінская, і абураўся ігнараваннем беларусаў. У 1958 годзе Абрамчык нават склаў для амерыканцаў спіс кандыдатаў да працы ў беларускай секцыі «Голаса Амерыкі». Узначаліць беларускую службу радыё маглі, на ягоную думку, Леў Акіншэвіч, Антон Адамовіч, Гіпаліт Паланевіч, Віталь Кажан альбо Наталля Арсеннева.

У 1959 годзе Рада БНР дамаглася пачатку беларускамоўных перадачаў на мадрыдскім радыё. Мікола Абрамчык настойліва пераконваў афіцэраў ЦРУ аказаць фінансавую дапамогу ў гэтай справе, бо якасць сігналу з Мадрыда ў БССР была значна лепшай, чым у радыё «Вызваленне», але кіраўніцтва адмовіла. Абрамчык жа ўпарта лічыў, што беларускія перадачы з Мадрыда больш эфектыўныя для беларусаў, бо канцэнтруюцца на «нацыяналістычных памкненнях», у той час як вяшчанне «Вызвалення» кантралявалася Камітэтам вызвалення народаў Расіі і, на ягоны погляд, усё часцей ухілялася ад пытання самавызначэння, каб не пакрыўдзіць расійцаў.

Звязаны з ЦРУ быў і ўжо згаданы вышэй Пётра Сыч (крыптанім CAMBISTA 5). Колішні вязень савецкіх лагераў, жаўнер Арміі Андэрса і ўдзельнік штурму Монтэ-­Касіна, на эміграцыі ён быў заангажаваны і ў вярбоўку дэсантнікаў, і ў выданне «Бацькаўшчыны» ды часопіса «Шарсцень», і ў працу радыё «Вызваленне». Як вынікае з дакументаў ЦРУ, увесну 1954 года меркавалася распачаць падрыхтоўку Пётры Сыча для контрразведвальнай дзейнасці ў асяродку беларускай эміграцыі — фактычна ён мусіў замясціць Барыса Рагулю, які акурат у той час быў адхілены ад працы ў якасці кантактнай асобы між Радай БНР і ЦРУ. Але, як мы ведаем, у рэальнасці Пётра Сыч засяродзіўся на працы ў беларускай секцыі радыё «Вызваленне», якое акурат тады пачынала сваё вяшчанне на Беларусь, на чале з Вінцэнтам Жук­-Грышкевічам, таксама былым «андэрсаўцам», якога Пётра Сыч ведаў яшчэ з 1939 года. Праца гэтая мусіла быць часовай, але расцягнулася на дзесяцігоддзе — болей беларусаў за жалезную заслону не закідвалі. Жыццё Пётры Сыча абарвалася ў 1964 годзе даволі таямніча — ён раптоўна памёр у шпіталі ад уколу, зробленага медсястрой.

Пазіраючы на ўсход

Эмігрантам рэдка даводзілася сустракаць у Вольным свеце «савецкіх» беларусаў, але здараліся і такія нагоды. У 1959 годзе ў Вене адбыўся Сусветны фестываль моладзі і студэнтаў — свята моладзевых арганізацый левага кірунку ўпершыню прайшло ў капіталістычнай краіне. Як сведчаць справаздачы ЦРУ, акурат да гэтай падзеі была прымеркаваная кампанія ў беларускай эміграцыйнай прэсе, скіраваная на прыцягненне моладзевай аўдыторыі ў СССР: «праблема стыляг і рок­н­рольшчыкаў можа і мусіць выкарыстоўвацца». Таксама ў Вену кіраваліся маладыя палітычна загартаваныя беларусы. Задачу для іх ЦРУ бачыла ў дыскусіях з савецкай моладдзю, «з мэтай пасеяць зерне сумневу». Савецкім гасцям раілі дарыць на памяць не толькі кнігі і часопісы, але і рокавыя ды джазавыя кружэлкі, а таксама магнітафоны, гальштукі, хусткі, запінкі і г.д.

Тым часам улетку 1959 года ў газеце «За вяртанне на радзіму» з’явіўся адкрыты ліст Антона Сокал-­Кутылоўскага. Перадусім вядомы як камандзір Слуцкай брыгады ў 1920 годзе, гэты чалавек меў цікавы лёс. У міжваенны час ён зрабіўся праваслаўным святаром, але ў верасні 1939­-га, перад надыходам савецкіх войскаў, сказаў парафіянам, што «ашукваў іх верай у Бога». Быў арыштаваны 19 чэрвеня 1941 года, але неўзабаве ўцёк з турмы. Падчас нацысцкай акупацыі зрабіўся інспекатарам школ і кіраўніком Самапомачы Ганцавіцкага раёна. Пасля адступлення з Беларусі апынуўся на пасадзе камандзіра 1­-га батальёна беларускай брыгады войск СС, з якой здаўся ў палон амерыканцам, і ў красавіку 1945 года быў арыштаваны савецкай контрразведкай. Яго асудзілі на 25 гадоў лагераў і амніставалі ў 1957 годзе.

Антон Сокал­-Кутылоўскі, кадр з фільма «Людзі з чорнымі душамі», 1962.

Антон Сокал­-Кутылоўскі, кадр з фільма «Людзі з чорнымі душамі», 1962.

У сваім лісце Сокал­-Кутылоўскі называў сябе прыкладам таго, як чалавек, які здзейсніў «злачынствы» супраць савецкай улады, можа быць рэабілітаваны і жыць у Савецкім Саюзе. Ён звяртаўся да беларусаў за мяжой з заклікам вярнуцца, адзначаючы, што бессэнсоўна змагацца супраць Савецкага Саюза, у якога «дастаткова зброі, каб паставіць увесь свет на калені». Пазней, у 1962 годзе, гутарка з Сокал-­Кутылоўскім з’явілася і ў прапагандысцкім фільме «Людзі з чорнымі душамі», дзе ён заявіў, што ніякага Слуцкага паўстання не было, а дзеячаў эміграцыі назваў «купкай кар’ерыстаў… якія падтрымлівалі нямецкіх нацыстаў».

Няспраўджаная сенсацыя

У чэрвені 1956 года з Рэйк’явіка на адрас Згуртавання беларусаў у Аргенціне (ЗБА) прыйшоў ліст за подпісам Васіля Лысагорскага. Аўтар, які жыў у БССР і, відавочна, хаваўся за псеўданімам, прасіў перадаць вестку журналісту і літаратару Антону Адамовічу. Ліст у выніку быў высланы ў Еўропу Радзе БНР і дайшоў да адрасата, а таксама, праз старшыню ЗБА Кастуся Мерляка, трапіў у ЦРУ. Васіль Лысагорскі, звяртаючыся да Адамовіча, нагадваў, што разам з ім вучыўся ў менскім Белпедтэхнікуме, дзе быў вядомы пад мянушкай Аўстрыяк. Ён выказваў задавальненне, што Адамовіч працягвае займацца справай, якую некалі ім даводзілася рабіць разам — ішлося пра існаванне ў вольным свеце газеты «Бацькаўшчына». Аўтар ліста згадваў таксама імёны Станіслава і Янкі Станкевічаў, Яўхіма Кіпеля, Уладзіміра Дудзіцкага, Францішка Кушаля і іншых, пісаў пра вяртанне з лагера Уладзіміра Дубоўкі ды са скрухай адзначаў: «У нашых публікацыях пра цябе не згадваюць, нібыта цябе не існуе». Адамовіч прызнаў, што, імаверна, аўтарам насамрэч быў ягоны калега, захоплены Саветамі ў Менску ўлетку 1944­-га, але ЦРУ разглядала ліст як правакацыю савецкіх спецслужбаў.

У маі 1958 года Мікола Абрамчык у размове з супрацоўнікам ЦРУ, адказваючы на пытанне аб магчымасці эксфільтрацыі людзей з БССР, выказваў меркаванне, што пажадана было б пераправіць на Захад паэтаў Максіма Танка альбо Язэпа Пушчу. Як адзначаў Абрамчык, Максіма Танка «савецкая ўлада і народ Беларусі прыроўніваюць да Шылера і Гётэ», таму ягоныя ўцёкі на Захад былі б сенсацыяй стагоддзя.

Прывіды вайны

Мікола Абрамчык увесну 1958 года таксама звяртаў увагу цэрэушнікаў на візіт у ЗША архімандрыта Уладзіміра Фінькоўскага (не надта абазнаны ў беларускай мове і царкоўнай іерархіі амерыканец занатаваў у справаздачы: «Архімеда Васіля Фінькоўскага»). Гэты авантурыст у свой час спрабаваў пры дапамозе СД усталяваць кантроль над царкоўным жыццём у акупаваным нацыстамі Менску, разам з псіхіятаркай Надзеяй Абрамавай стаяў на чале правобраза Саюза беларускай моладзі, быў абвінавачаны ў крадзяжы царкоўнай маёмасці і высланы ў Варшаву. Абрамчык прыводіў прыклады распуснасці Фінькоўскага і меркаваў, што той прыехаў у ЗША не з мэтай збору сродкаў, як было дэкларавана, а наадварот — каб падкупіць мясцовых эмігрантаў на карысць Саветаў.

Яшчэ ў 1951 годзе ў штаце Дэлавер, ЗША, узнікла няўрадавая арганізацыя — Амерыканскі камітэт вызвалення народаў Расіі. Акурат ягоным органам было заснаванае ў 1953 годзе радыё «Вызваленне». Пад эгідай камітэта таксама дзейнічаў Інстытут вывучэння СССР (крыптанім BGCALLUS). Усе гэтыя інстытуцыі былі складнікамі праекта ЦРУ пад крыптанімам QKACTIVE. На чале беларускай рады Інстытута вывучэння СССР стаяў Станіслаў Станкевіч, таксама з вядомых беларускіх дзеячаў супрацоўнічала тут былая кіраўнічка дзяўчат Саюза беларускай моладзі, вышэй згаданая Надзея Тэадаровіч-­Абрамава.

У акупаваным Менску Абрамава ў тым ліку апекавалася дзіцячымі прытулкамі, дапамагала ратаваць яўрэйскіх дзяцей. Адну з такіх дзяўчат яна ўдачарыла і вывезла з сабой на Захад. Але ў 1959 годзе прыёмная дачка раптам знікла, а праз пэўны час была знойдзеная мёртвай у рацэ Ізар ля Мюнхена — таксама, як за пяць гадоў перад тым было адшукана цела супрацоўніка радыё «Вызваленне» і няспраўжданага дэсантніка ЦРУ Лявона Карася. Заходнегерманская паліцыя ў абодвух выпадках усталяваць абставіны смерці не здолела. Эмігранты былі схільныя бачыць у гібелі маладых людзей руку Масквы…

Беларусы аказваліся вольнымі і нявольнымі ахвярамі ў вялікім змаганні.

Чытайце таксама:

Беларусы на службе ЦРУ: Кастусь Мярляк, першы агент у шэрагах беларускай эміграцыі ў ЗША

Беларусы на службе ЦРУ: захоп групы Вострыкава

Беларусы на службе ЦРУ. AEQUOR: група Вострыкава

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0