Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Дэвід Мэркел — свеоасаблівы ўчастковы амэрыканскага дзярждэпартамэнту па нашым рэгіёне. Ён даўно сочыць за лёсам беларускіх палітвязьняў і менавіта зь ягоных вуснаў неаднаразова гучала, што іх вызваленьне — умова для дыялёгу зь беларускімі ўладамі.
Сёлета ў інтэрвію БелаПАН Мэркел казаў, што на пачатку году «беларускія ўлады ўсімі сіламі намагаліся прадухіліць уступленьне ў сілу канкрэтызацыі санкцый у дачыненьні да канцэрну «Белнафтахім».
«У выніку кансультацый у студзені 2008 году мы дасягнулі дамоўленасьці пра тое, што пры ўмове вызваленьня ўсіх палітвязьняў і паляпшэньня сытуацыі ў галіне правоў чалавека, мы пачнём дыялёг пра адмену санкцый».
Цяпер, калі ўмова гэтая выкананая, каму як не яму ляцець у Менск выконваць абяцаньне.
У структуры Дзярждэпартамэнту ад Мэркела да дзяржсакратаркі Кандалізы Райс дзьве прыступкі:
1. Намесьнік дзяржсакратара па палітычных пытаньнях Уільям Робэрт Бёрнс, які сёлета замяніў на гэтай пасадзе свайго аднафамільца, а перад гэтым тры гады працаваў паслом у Маскве. З апошніх спраў Бёрнса — перамовы з Іранам наконт ядравай праграмы й заява ў падтрымку сяброўства Ўкраіны ды Грузіі ў Паўночнаатлянтычным альянсе.
2. Намесьнік дзяржсакратара Джон Неграпонтэ, які да гэтага быў дырэктарам нацыянальнай выведкі. Менавіта да яго быў выкліканы расейскі пасол, каб выслухаць незадавальненьне Злучаных Штатаў дзеяньнямі Расеі ў Грузіі.
Перад тым як трапіць на працу ва ўрад ЗША Мэркел назіраў за выбарамі ў эўразійскіх краінах і ўзначальваў Фонд Эўразіі.
У 2003‑м ён быў прызначаны намесьнікам памочніка сакратара па міжнародных пытаньнях у Міністэрстве фінансаў ЗША, дзе быў узнагароджаны «за выключную службу».
У 2005‑м Мэркел перайшоў на працу ў Нацыянальную раду бясьпекі дырэктарам па Эўропе ды Эўразіі. Пасьля стаяў на чале аддзелу Цэнтральнай Азіі
З сакавіка 2008 году ў рангу памочніка намесьніка дзяржсакратара ЗША па Эўропе ды Эўразіі ён курыруе палітыку ў дачыненьні да Беларусі, Малдовы, Расеі, Украіны, а таксама пытаньні нераспаўсюду ядравай зброі.