Як паведамляе галандская тэлекампанія NOS са спасылкай на МЗС краіны, суд над вінаватымі ў гібелі пасажыраў рэйса MH-17 на Данбасе летам 2014 года пройдзе ў Нідэрландах. Судзіць іх будуць паводле галандскага заканадаўства.
Следчыя з Нідэрландаў падчас агляду абломкаў Boeing 777. Фота ТАСС
Прынятае рашэнне падтрымалі ўсе пяць краін, якія ўдзельнічаюць у міжнародным расследаванні (Аўстралія, Бельгія, Малайзія, Нідэрланды, Украіна). Яны выказалі поўны давер да галандскага правасуддзя, піша РБК.
Нідэрланды і Украіна заключаць у рамках расследавання справы аб катастрофе MH-17 пагадненне аб міжнародна-прававым супрацоўніцтве. Дакумент будзе падпісаны 7 ліпеня, паведамляецца на сайце МЗС Украіны. У заяве ведамства адзначаецца, што гэты крок прадугледжвае «практычныя аспекты перадачы юрысдыкцыі ад Украіны Нідэрландам», а таксама робіць магчымым удзел у працэсе па справе «ўсіх падазраваных у злачынстве».
За два гады расследавання камісія высветліла, што самалёт быў знішчаны ў выніку выбуху ракеты, выпушчанай сістэмай «Бук М-1». Акрамя таго, восенню мінулага года следчыя заявілі, што прытрымліваюцца версіі, паводле якой ракетная ўстаноўка знаходзілася на тэрыторыі, кантраляванай сепаратыстамі. Тым не менш, канкрэтных падазраваных камісія пакуль не называла.
У пачатку чэрвеня група Bellingcat апублікавала інфармацыю аб тым, што ЗРК «Бук», які выпусціў ракету, быў прыпісаны да 53-й брыгадзе расійскай арміі.
Расія з папярэднімі высновамі міжнароднай камісіі і матэрыяламі Bellingcat не згодная.