У мінулым месяцы з дзясятага паверха мінскай гасцініцы «Юбілейная» зваліўся амерыканец Кайл Тэйфэл (Tafel).

Кайл Тэйфэл.

Кайл Тэйфэл.

Прыехаў на чэмпіянат разам з цёткамі

З 14 па 25 чэрвеня ў Мінску праходзіў чэмпіянат свету па класічным паўэрліфтынгу. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі 52 краін, у тым ліку і амерыканцы.

Амерыканская зборная была расселеная па чатырох гатэлях: «Беларусь», «Хілтан», «Планета», «Юбілейная».

67-гадовая Дэніс Томас, ветэран-спартовец, адна з трэнераў каманды, прыехала загадзя. Яна жыла ў «Юбілейнай». Разам з ёй прыехаў пляменнік — 36-гадовы вайсковец Кайл Тэйфэл і яе сястра, другая цётка Кайла.

Кайл Тэйфэл членам спартовай дэлегацыі не быў. Прадстаўнікі беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу кажуць пра яго: «Быў там малады хлопец, фанат, прыехаў падтрымаць зборную».

Маёр Нацгвардыі Тэйфэл разам з дзвюма цёткамі засяліўся ў нумар на 10 паверсе. У адным пакоі жыў ён, другі займалі жанчыны.

Кайл з цёткамі. Злева — Дэніс Томас.

Кайл з цёткамі. Злева — Дэніс Томас.

Кайл з цёткамі засяліліся ў гатэль 12 чэрвеня. Уначы таго ж дня ў «Юбілейнай» здарылася трагедыя. Кайла Тэйфэла знайшлі мёртвым каля гатэля.

Начныя прыгоды амерыканца

Адзін з тых, хто быў там ноччу, распавёў «Нашай Ніве» падрабязнасці.

«Былі сур’ёзныя разбіральніцтвы: прыехалі міліцыянты, прыехалі арганізатары чэмпіянату з Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу. Амерыканец жа!

Казалі, што амерыканец быў у казіно, прычым моцна нападпітку. Напіўся так, што ахоўнікі яго вывелі — прычым нават пад рукі адвялі ў нумар, ён ужо кепска хадзіў. Але праз нейкі час гэты амерыканец адчыніў акно ў сваім нумары і выйшаў на вузкі парапет звонку будынка. Ён шпацыраваў па ім на ўзроўні дзясятага паверха ў адных шкарпэтках. Ці хацеў кудысьці пералезці, ці што — невядома. Ну і вось…»

Гэта ж пацвердзіў і начальнік службы аховы гасцініцы «Юбілейнай» Леанід Гвоздзь: «Так, хутчэй за ўсё, ён там хадзіў у шкарпэтках. Камер звонку будынка няма, але мы бачылі сляды».

Па словах бацькі Тэйфэла, Кайл у тую ноч паведаміў цёткам, што ахоўнікі «прагнуць крыві», таму Кайл спужаўся і забарыкадзіраваў дзверы знутры.

Гэтую версію ахова гатэля выключае.

«Канфлікту з ахоўнікамі не было аніякага. Так, яго адвялі ў нумар. Але ўсё было ціха і спакойна. У гэтым жа нумары ў суседнім пакоі былі сваячкі мужчыны, дык калі ён выйшаў у акно, то яны нават не прачнуліся, — кажа Гвоздзь. — Калі мы зайшлі да іх у нумар, жанчыны здзівіліся: «А што ён, не спіць? Ён жа спаў».

І пасля ў яго цётак не было аніякіх прэтэнзій ні да адміністрацыі гатэля, ні да аховы.

Ды і міліцыя разбіралася, забірала відэа з залаў гатэля, тут былі прадстаўнікі консульства, усё рабілася ў іх прысутнасці. Немагчыма было б штосьці схаваць ці прыўкрасіць».

Бацька ж Кайла з беларускімі ўладамі не кантактаваў. Ён паведаміў амерыканскім журналістам, што «не задаваў пытанняў і не спадзяецца на адказы, бо гэта ўсё адно не верне яго сына».

(У артыкуле была праўка пасля публікацыі: удакладнена напісанне прозвішча кірыліцай.)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?