Учора Вікторыя Рачыцкая-Карылет апублікавала ў інстаграме сэлфі з Аляксандрам Лукашэнкам. Да гэтага такіх здымкаў з кіраўніком краіны у сетцы не сустракалася. Можна лічыць, гэта першае сэлфі з кіраўніком Беларусі. У інтэрв'ю TUT.BY Вікторыя распавяла, што падышла не толькі сфатаграфавацца, але і сказаць Лукашэнку дзякуй: «Дзякуючы яму мы з мужам пазнаёміліся».

Тое самае сэлфі. Скрыншот фатаграфіі са старонкі Вікторыі ў інстаграм.

Тое самае сэлфі. Скрыншот фатаграфіі са старонкі Вікторыі ў інстаграм.

Вікторыя — беларуска, працуе ў АБСЕ: выкладае рускую мову, займаецца перакладамі і часта ўдзельнічае ў канферэнцыях. У сераду ў Мінску адкрылася сесія Парламенцкай Асамблеі АБСЕ, прысутнічала на ёй і Вікторыя.

— Пасля выступлення ўсіх спікераў Аляксандра Лукашэнку атачылі многія парламентарыі, хацелі сфатаграфавацца на памяць, — кажа Вікторыя. — Я таксама падышла. У першую чаргу хацела сказаць яму дзякуй, бо ён адзіны чалавек, каго мы з мужам яшчэ не паспелі падзякаваць за тое, што пазнаёміліся. Пасля гэтага спытала яго пра сэлфі.

— І як ён адрэагаваў?

— Прыабняў мяне за плячо і сказаў: я рады, што дзякуючы нашай краіне складваюцца сем'і, — апісвае сустрэчу з Лукашэнкам Вікторыя. — Ідэю з фота таксама ўспрыняў пазітыўна, адразу пагадзіўся. На канферэнцыі ён усіх зачараваў, выдатна распавёў пра Беларусь, пра праблемы і пра тое, як будзе іх вырашаць.

Паказаць атрыманы здымак перад публікацыяй ніхто з аховы прэзідэнта Вікторыю не прасіў. Суразмоўніца размясціла яго на сваёй старонцы ў інстаграме і сабрала ўжо больш за 500 «лайкаў».

— Сябры і родныя вельмі здзівіліся, — усміхаецца Вікторыя. — Пазней мама паказалі гэтую фатаграфію бабулі, і яна ўчора на лавачцы ўсім сяброўкам распавялі, што ўнучка сфатаграфавалася з Лукашэнкам.

Сярод тых, каму здымак спадабаўся, і муж Вікторыі — Марк Карылет.

— Мы пазнаёміліся ў 2006 годзе падчас прэзідэнцкіх выбараў, калі Марк прыляцеў у Беларусь як назіральнік ад АБСЕ, — распавядае суразмоўца. — Да мяне ў госці прыехала сястра, яна ніколі не была ў клубах, і ў дзесяць вечара мы на гадзіну вырашылі зазірнуць у адзін з іх. У гэты ж час туды з міністрам транспарту Францыі зайшоў і мой будучы муж. Вядома, я не ведала, хто ён і дзе працуе. Ён, праўда, схітраваў, адказаўшы, што прыехаў у Мінск на экскурсію, а не ў камандзіроўку. Завязалася размова пра Беларусь, пра тое, як тут жывуць людзі. Я вельмі люблю сваю краіну і з задавальненнем яму пра яе расказала. На развітанне мы абмяняліся тэлефонамі.

Усю ноч, успамінае Вікторыя, Марк адпраўляў ёй смс, але ні адно паведамленне ёй не дайшло: не было пагаднення паміж французскім і беларускім аператарамі. Раніцай ён ператэлефанаваў, спытаў, чаму яна не адказвае, і запрасіў на спатканне.

— Гэта было каханне з першага погляду, — усміхаецца Вікторыя. — Марк — грамадзянін Францыі. Самае цікавае, што да нашай сустрэчы я нейкі час жыла ў гэтай краіне, мне там вельмі не спадабалася, і я была ўпэўненая, што больш ніколі не буду там жыць.

Вікторыя з мужам Маркам. Фота з асабістага архіва Вікторыі Рачыцкай-Карылет

Вікторыя з мужам Маркам. Фота з асабістага архіва Вікторыі Рачыцкай-Карылет

Цяпер Вікторыя і Марк жывуць у Вене. У іх двое дзяцей — Крысціна і Рафаэль.

— Дзеці ведаюць французскую, нямецкую і абавязкова рускую, — знаёміць са сваёй сям'ёй беларуска. — Два разы на год я абавязкова прылятаю да родных у Беларусь і бачу пазітыўны прагрэс, які адбываецца ў Беларусі. Мне падабаецца наша моладзь, тое, як шмат яны падарожнічаюць.

Цяпер Марк Карылет працуе ў сакратарыяце Парламенцкай Асамблеі АБСЕ. Супрацоўнікі сакратарыята і арганізоўвалі мінскую сустрэчу.

— Прадстаўнікі дэлегацыі часта пыталіся ў мяне, у якой гасцініцы лепш спыніцца, у які музей або рэстаран схадзіць, — кажа Вікторыя. — І мне прыемна, што ў Мінску так шмат цікавых месцаў, якія я магу ім параіць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0