Расея паведаміла краінам NATO аб спыненьні вайсковага супрацоўніцтва з альянсам. Першымі пра гэта паведамілі ў эстонскім МЗС. У NATO пацьвердзілі атрыманьне адпаведных нотаў і выказалі надзею, што Расея нягледзячы на гэта, ня спыніць транзыт неваенных грузаў альянсу ў Аўганістан праз расейскую тэрыторыю.
Нагадаем, што стасункі між Расеяй і NATO сталі больш складанымі пасьля таго, як Масква прыняла актыўны ваенны ўдзел ў канфлікце ў Грузіі і Паўднёвай Асэтыі. Пасьля ўводу расейскіх войскаў на тэрыторыю Грузіі шэраг сумесных вучэньняў паміж Расеяй і краінамі NATO былі адмененыя па ініцыятыве абодвух бакоў. 19 жніўня міністры замежных справаў краін NATO заявілі, што сябры альянсу пераглядзяць стасункі з Расеяй у сувязі зь яе дзеяньнямі супраць Грузіі. У сваю чаргу, Лаўроў назваў заяву рады NATO па Паўднёвай Асэтыі «неаб’ектыўнай і перадузятай» і абвінаваціў альянс у спробе «абяліць злачынны рэжым Грузіі».