Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп у часе візіту ў Польшчы выступіў з вялікай прамовай перад помнікам Варшаўскага Паўстання на плошчы Красінскіх, у прысутнасці польскіх дзяржаўных элітаў.

У ёй была апалогія польскай нязломнасці і рэлігійнасці. Трамп паабяцаў стаяць з палякамі плячо ў плячо. У той жа час ён правёў ідэі важнасці нацыянальнага суверэнітэту, але Еўрапейскага Саюза ён не крытыкаваў — хіба што вельмі завуалявана.

На пляцы Красінскіх прысутнічала варта, складзеная з польскіх, амерыканскіх, брытанскіх і румынскіх жаўнераў.

У той жа час звярнула ўвагу адсутнасць прэзідэнта Украіны на варшаўскім саміце краін Міжмор'я — узялі ўдзел толькі краіны Еўрасаюза, а Украіна і Беларусь не былі запрошаныя нават на «паралельныя імпрэзы».

Беларусь у прамове Трампа не згадвалася.

Вось поўнае відэа прамовы Дональда Трампа:

Трамп прыехаў у Варшаву не з пустымі рукамі: ён прывёз прапанову купляць амерыканскі звадкаваны газ, каб зменшыць залежнасць ад расійскіх энерганосьбітаў.

Такая перспектыва спакушае ўсходнееўрапейскія краіны. Калі ёсць тэрміналы звадкаванага прыроднага газу (ЗПГ), Масква больш не можа шантажаваць краіны пагрозай перакрыцця трубы зімой, у ацяпляльны сезон. 

Літва збудавала ўласны тэрмінал для ЗПГ пад Клайпедай, а Польшча — у Свінавусці. Харватыя мае дабудаваць уласны ЗПГ-тэрмінал да 2019 года.

Акрамя таго, плануецца пабудова ўсходнееўрапейскага транспартнага калідора ад Клайпеды праз Коўна, Польшчу, Славаччыну, Венгрыю, Румынію і Балгарыю да грэчаскага порта Салонікі. Гэтая мегаінвестыцыя перпендыкулярам звяжа існуючыя аўтамагістралі і дарогі з Заходняй ва Усходнюю Еўропу.

Міжмор'е, або па-ангельску Three Seas Region, ахоплівае краіны ад Эстоніі да Харватыі і Балгарыі. Часам у яго ўключаюць і Беларусь з Украінай, натуральны яго ўсходні фланг. Але пакуль ні Мінск, ні Кіеў не ўдзельнічаюць у Three Seas Initiative, да якой належаць толькі 12 краін Еўрасаюза. Польшча — самая моцная эканоміка і самая населеная краіна рэгіёна. Іншы паслядоўны саюзнік ЗША ў Міжмор'і — Румынія. Трэцім можа стаць Украіна.

Беларусь застаецца татальна, на 95% залежнай ад расійскага газу і нафты. Усе іншыя краіны рэгіёна ў большай ці меншай ступені ўжо знізілі залежнасць ад адной крыніцы. Дыверсіфікацыя адбылася збольшага за кошт нафты. ЗПГ ж дазваляе дыверсіфікаваць таксама пастаўкі газу.

З Варшавы Трамп пераехаў у Нямеччыну на саміт G20 — найбольшых краін планеты. Там яго чакаюць няпростыя перамовы з Ангелай Меркель, што абараняе інтарэсы Еўропы, і першая сустрэча з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным.

Варта адзначыць, што рэйтынг Трампа ў ЗША застаецца рэкордна нізкім для прэзідэнта. Многія схільныя бачыць за дзеяннямі Трампа перадусім выгаду для звязаных з ім амерыканскіх карпарацый. Адносіны Трампа з еўрапейскімі лідарамі застаюцца нацягнутымі. 

Чытайце таксама:

ВІДЭА няўдалага поціску рук жонкі Дуды і Трампа стала хітом інтэрнэту

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0