Праект Infographer.by у межах кампаніі «Чытаем беларускую» пачаў збор сродкаў для выдання лімітаванага выпуску нататнікаў да 500-годдзя беларускага кнігадруку.



Арганізатары выпусцяць серыю з 6 нататнікаў, на якіх будуць прадстаўлены матывацыйныя цытаты з арыгінальнымі выявамі іх аўтараў: Францыск Скарына, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Янка Купала, Якуб Колас, Васіль Быкаў, Уладзімер Караткевіч.
«Мы паставілі перад сабой задачу выпусціць серыю прыгожых, цікавых нататнікаў з якасным дызайнам, якія будзе прыемна выкарыстоўваць любому беларусу, і разам з тым адзначыць значную падзею — 500-годдзе беларускага кнігадруку», распавядае кіраўнік праекта Кірыл Стаселька.
Падтрымаць кампанію па зборы сродкаў і разам з тым зрабіць перадзамову нататніка або ўсёй серыі можна па спасылцы.
«Чытаем беларускую» — культурніцкая кампанія па папулярызацыі беларускай літаратуры. Сачыць за кампаніяй можна ў сацыяльных сетках: Укантакце, Фэйсбук, Інстаграм.
Каментары