Урад Францыі паведаміў, што мае намер паступова цалкам забараніць машыны на дызелі і бензіне да 2040 года, паведамляе newscientist.com. Такая мэта была абвешчаная міністрам па праблемах навакольнага асяроддзя Нікаля Юло. Гэтая мера будзе ўведзеная як частка праекта па рэфармаванні французскай эканомікі і яе незалежнасці ад арганічнага паліва.

Францыя вельмі залежыць ад дызельнага паліва, што часта называюць прычынай павышанага забруджвання гарадоў. Мэр Парыжа наогул мае намер забараніць дызельныя аўтамабілі на тэрыторыі сталіцы ўжо ў 2020 годзе.

План жа Нікаля Юло тычыцца ўсёй краіны і закранае, апрача дызеляў, аўтамабілі, якія ездзяць на бензіне.

Міністр нават прапанаваў увесці фінансавую дапамогу бедным часткам насельніцтва для куплі экалагічна чыстых аўтамабіляў.

PSA Group, вытворца аўтамабіляў марак «Пежо» і «Сітраэн», паведаміла, што гэты праект супадае з іх праграмай рэканструявання вытворчасці і выпуску да 80% электракараў ад агульнага ліку выпускаемых машын ужо да 2023 года.

Тым не менш, для замежных рынкаў машыны з рухавікамі ўнутранага згарання будуць рабіцца па-ранейшаму.

Юло таксама сказаў, што Францыя цалкам перастане вырабляць электраэнергію з вугалю да 2022 года, і гэта абсалютна рэальная мэта, бо ўжо зараз вугальная энергетыка забяспечвае толькі 5% энергаспажывання Францыі. Таксама міністэрства плануе знізіць да 2025 года долю ядзернай энергетыкі з 75 да 50%.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0