Фота Ірыны Арахоўскай
Падатковыя органы пачалі вяртаць грошы тым, хто заплаціў збор за дармаедства ў мінулым годзе і ўжо уладкаваўся на працу, паведаміла на прэс-канферэнцыі намеснік міністра па падатках і зборах Святлана Шаўчэнка, піша Tut.by.
- 9 сакавіка ў прэзідэнта адбылася нарада. Выразна было пазначана, што выплачаны падатак (за 2015 год) вернуць асобам, якія прыступілі да працы, — сказала намеснік міністра.
Святлана Шаўчэнка адзначыла, што не ўсе тыя, хто выплаціў падатак на дармаедства, напісалі заяву на вяртанне грошай. Ёсць і тыя беларусы, хто хацеў бы, каб выплачаныя сродкі пайшлі на сацыяльныя патрэбы.
Адказваючы на пытанне, колькім грамадзянам ужо вярнулі збор, намеснік міністра расказала, што канкрэтных лічбаў пакуль няма: «Распараджэнне толькі прынята, і мы літаральна на днях прыступілі да працы».
Для таго каб вярнуць грошы за выплачаны падатак, неабходна звяртацца ў мясцовыя падатковыя органы.