Браты Андрэй і Аляксандар Багдановічы.

Залатая байдарка чацьвёрка.

Залатыя мэдалі ў веславаньні ў каноэ-двойцы заваявалі браты Аляксандар і Андрэй Багдановічы, а байдарку чацьвёрку выйгралі Рамана Петрушэнкі, Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнёў.

Беларусы ўжо даказалі, што мы ці не найлепш у сьвеце кідаем молат і штурхаем ядро. А цяпер яшчэ два залатыя мэдалі заваявалі ў веславаньні! У Беларусі ўжо чатыры першых месцы на Алімпіядзе. Гэта рэкорд!

Спачатку на верхні радок узышлі ўраджэнцы Ялізава (Асіповіччына) браты Аляксандар і Андрэй Багдановічы ў веславаньні на каноэ‑двойцы. Беларусы стартавалі ня самым лепшым чынам, доўга трымаюся ў сярэдзіне пелетону. Лідэрства адразу вельмі ўпэўнена захапілі немцы Крыстыян Гіле і Томаш Вылензек. Але на апошніх 250 мэтрах дыстанцыі беларусы зьелі ўсю перавагу супернікаў. І на некалькі імгненьняў апярэдзіўшы немцаў.

Шостае месца мінулай Алімпіяды ў Афінах браты памянялі на золата Пэкіну!

А літаральна празь дзесяць хвілін настрой для беларускіх заўзятараў стаў яшчэ больш пазытыўным. Чацьвёртае золата Пэкіну ўзяла байдарка‑чацьвёрка ў складзе Рамана Петрушэнкі (нарадзіўся ў Калінкавічах), Аляксей Абалмасаў (Барысаў), Артур Літвінчук (Мазыр), Вадзім Махнёў (Менск) не дала ні на сэкунду засумнявацца ў сваёй перавазе.

Калі мінулыя Алімпіяды найбольшы ўлоў наша каманда прывозіла ў акадэмічным веславаньні, то на гэтай прыярытэты перайшлі на байдаркі і каноэ. Спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту працягнуцца заўтра. Шанцы на мэдалі застаюцца досыць вялікім.

У агульным заліку зборная Беларусі выйшла на пятнаццаты радок. Гэта Алімпіяда рызыкуе стаць самай пасьпяховай у незалежнай гісторыі айчыннага спорту.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?