Браты Андрэй і Аляксандар Багдановічы.

Залатая байдарка чацьвёрка.

Залатыя мэдалі ў веславаньні ў каноэ-двойцы заваявалі браты Аляксандар і Андрэй Багдановічы, а байдарку чацьвёрку выйгралі Рамана Петрушэнкі, Аляксей Абалмасаў, Артур Літвінчук, Вадзім Махнёў.

Беларусы ўжо даказалі, што мы ці не найлепш у сьвеце кідаем молат і штурхаем ядро. А цяпер яшчэ два залатыя мэдалі заваявалі ў веславаньні! У Беларусі ўжо чатыры першых месцы на Алімпіядзе. Гэта рэкорд!

Спачатку на верхні радок узышлі ўраджэнцы Ялізава (Асіповіччына) браты Аляксандар і Андрэй Багдановічы ў веславаньні на каноэ‑двойцы. Беларусы стартавалі ня самым лепшым чынам, доўга трымаюся ў сярэдзіне пелетону. Лідэрства адразу вельмі ўпэўнена захапілі немцы Крыстыян Гіле і Томаш Вылензек. Але на апошніх 250 мэтрах дыстанцыі беларусы зьелі ўсю перавагу супернікаў. І на некалькі імгненьняў апярэдзіўшы немцаў.

Шостае месца мінулай Алімпіяды ў Афінах браты памянялі на золата Пэкіну!

А літаральна празь дзесяць хвілін настрой для беларускіх заўзятараў стаў яшчэ больш пазытыўным. Чацьвёртае золата Пэкіну ўзяла байдарка‑чацьвёрка ў складзе Рамана Петрушэнкі (нарадзіўся ў Калінкавічах), Аляксей Абалмасаў (Барысаў), Артур Літвінчук (Мазыр), Вадзім Махнёў (Менск) не дала ні на сэкунду засумнявацца ў сваёй перавазе.

Калі мінулыя Алімпіяды найбольшы ўлоў наша каманда прывозіла ў акадэмічным веславаньні, то на гэтай прыярытэты перайшлі на байдаркі і каноэ. Спаборніцтвы ў гэтым відзе спорту працягнуцца заўтра. Шанцы на мэдалі застаюцца досыць вялікім.

У агульным заліку зборная Беларусі выйшла на пятнаццаты радок. Гэта Алімпіяда стала самай пасьпяховай у незалежнай гісторыі айчыннага спорту.

* * *

Веславаньне на байдарках і каноэ як спорт зарадзілася ў сярэдзіне ХІХ стагодзьдзя ў Эўропе. Сьпярша на байдарках — пазьней на каноэ.

У 1924 годзе была створаная Міжнародная фэдэрацыя каноэ.

У аліпійскай праграме гэты спорт з 1936 году. У 1938‑м сталі праводзіцца чэмпіянаты сьвету, а з 1957 — чэмпіянаты Эўропы.

Акадэмічнае веславаньне фармальна розьніцца ад веславаньня на байдарках і каноэ наяўнасьцю ўключын: байдаркі і каноэ ўключын для вёслаў ня маюць.

Між сабой каноэ і байдаркі розьняцца тым, што ў байдарцы вясьляр сядзіць на нерухомым услоне, а ў каноэ — стаіць на калене, а дзеля ўстойлівасьці — прышпільваецца рамянямі. Да таго ж, у байдарцы вясло з двума лапасьцямі, а ў каноэ — з адной.

Цікава, што ў веславаньні можна стаць чэмпіёнам, але нельга — рэкардсмэнам. Рэкорды не рэгіструюцца, бо вынік дужа залежыць ад стану вады й кірунку ветру.

Беларусы-весьляры, прызёры Алімпійскіх гульняў

Залатыя прызёры

  • Гейштар Леанід — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Гарбачоў Мікалай — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Даўгалёнак Зьміцер — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Карстэн Кацярына — акадэмічнае веславаньне (таксама заваёўвала і «срэбра»)
  • Макаранка Сяргей — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Масейкаў Аляксандар — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Парфяновіч Уладзімер — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Ранейскі Віктар — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Раманоўскі Ўладзімер — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Хлопцава Алена — акадэмічнае веславаньне

Бронзавыя прызёры

  • Воўчак Натальля — акадэмічнае веславаньне
  • Давыдзенка Тамара — акадэмічнае веславаньне
  • Знак Марына — акадэмічнае веславаньне
  • Лаўрыненка Натальля — акадэмічнае веславаньне
  • Лугін Андрэй — акадэмічнае веславаньне
  • Майстрэнка Ігар —акадэмічнае веславаньне
  • Мельнікава Антаніна — веславаньне на байдарках і каноэ
  • Мікуліч Алена — акадэмічнае веславаньне
  • Паўловіч Яраслава — акадэмічнае веславаньне
  • Панкіна Аляксандра — акадэмічнае веславаньне
  • Скрабатун Валянціна — акадэмічнае веславаньне
  • Стасюк Натальля — акадэмічнае веславаньне
  • Хлопцава Алена — акадэмічнае веславаньне
  • Якуша Васіль — веславаньне

(зьвесткі з сайту НАК)

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?