Галоўнакамандуючы іракскімі ўзброенымі сіламі прэм'ер Хейдар аль-Абадзі афіцыйна абвясціў пра перамогу над тэрарыстычнай групоўкай ІДІЛ у Масуле. Кіраўнік кабінета прыбыў у вызвалены горад у нядзелю, дзе сустрэўся з вайскоўцамі і мірнымі жыхарамі. Святкаваць выдварэнне з Масула баевікоў «Ісламскай дзяржавы» паліцэйскія і ваенныя пачалі яшчэ напярэдадні, вярнуўшы пад свой кантроль гістарычную частку Масула — апошні аплот экстрэмістаў.

За час вулічных баёў цэлыя раёны старажытнага горада, што раскінуўся на берагах ракі Тыгр, ператварыліся ў руіны. Кампанія па вызваленні Масула ад ІДІЛ пачалася ў кастрычніку мінулага года. Дапамогу Іраку аказвала міжнародная кааліцыя на чале з ЗША. У ходзе ваенных дзеянняў горад пакінулі каля 900 тысяч чалавек — больш за палову даваеннага насельніцтва. Зараз перад уладамі стаіць няпростая задача — вярнуць Масул да мірнага жыцця. У разбураным горадзе не хапае вады, прадуктаў харчавання і медыкаментаў. Шмат каму няма дзе жыць: дамы або разбураны, або замінаваныя баевікамі.

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?