10.07.2017 / 16:45

Мяккія трусікі захопліваюць Беларусь — новае масавае шаленства чаму зоаабаронцы супраць? 13

Дзіўныя пухнатыя бірулькі літаральна за пару месяцаў апанавалі беларускія крамы. Практычнага сэнсу ў іх ніякага, але калі бярэш такога труса ў рукі, тактыльныя адчуванні досыць незвычайныя, быццам трымаеш жывую істоту. Насамрэч яно так і ёсць, бо большасць цацак вырабленая з натуральнага футра трусоў, чым усур’ёз занепакоеныя зоаабаронцы.

Фота golloscdn.com

Вірусную бірульку прыдумала кітайская дызайнерка аксесуараў Эла Лью. Па задуме мяккі трусік мусіў упрыгожваць жаночую сумку, аўтамабіль ці звязку ключоў. За арыгінальную цацку з каштоўнага капенгагенскага футра трэба было выкласці некалькі соцень даляраў. Грошы немалыя, таму на звышпапулярнасць трусы не прэтэндавалі, пакуль кітайскія вытворцы не вырабілі адносна танны аналаг.

Так выглядае арыгінальны аксесуар ад Элы Лью. Фота amazon.ca

Сапраўднае шаленства пачалося, калі пухнаты аксесуар трапіў на «Аліэкспрэс», дзе гэтую мілату можна замовіць за шэсць рублёў. У беларускіх анлайн-крамах цяпер ёсць і па чатыры рублі, а вось у звычайных прадаюць разы ў тры-чатыры даражэй.

Цяпер бірульку пазіцыянуюць як цацку-антыстрэс. Гэтак жа, як і спінеры, бум на якія прыйшоўся фактычна ў той жа час. Калі на спінеры трэба глядзець, каб супакоіцца, то трусаў трэба мацаць. Канечне, супакаяльны эфект ад гэтага сумнеўны.

Усе трусы выглядаюць прыкладна аднолькава, галоўнае адрозненне ў матэрыяле, з якога іх робяць. Большасць бірулек вырабленыя з натуральнага футра, іншыя — са штучнага. Зоаабаронцы заклікаюць звяртаць на гэта ўвагу і не набываць цацкі, на якія пайшлі жывыя трусы — футра гэтых жывёл выкарыстоўваюць для вырабу бірулек найчасцей.

Фота trends-in-china.ru

Яшчэ год таму з гэтай нагоды пачала біць трывогу сінгапурская зоаабарончая арганізацыя SPCA Singapore. Зоаабаронцы жахнуліся, калі прыкінулі маштабы вытворчасці «мілых» цацак. Кіраўнік арганізацыі Джайпал Сінгх заклікаў перастаць набываць бірулькі, бо жывёлы, футра якіх ідзе на выраб цацак, часцяком утрымліваюцца ў жудасных умовах і паміраюць у пакутах.

Зразумець, з натуральнага ці штучнага футра выраблены аксесуар, можна, калі прыгледзецца да валасінак. У натуральнага ёсць воўна і падшэрстак, гэтае футра будзе неаднароднага колеру. Можна таксама выцягнуць некалькі валасінак і падпаліць. Калі яны будуць плавіцца — футра штучнае, калі гарэць — натуральнае.

НР

49
Валацуга / Адказаць
10.07.2017 / 16:59
Як жа дасталі ўсе гэтыя абаронцы,ці то жывёл,ці то геяў,ці шалёныя фэмэністкі.Я ем мяса і мяса трусоў так сама ем;дык навошта скуру труса выкідваць,калі можна зрабіць зь яе цацку?
28
Ахрэм / Адказаць
10.07.2017 / 17:21
Ідэя не новая, як і ўсе "веласіпеды". Вешаць трусавую лапку на ключы ці у аўто - даўняя традыцыя на Захадзе. Відаць, пайшло яшчэ з паганскіх часоў. Што тычыцца абаронцаў - яны б так пра людзей клапаціліся. А вось памацаць трусы, асабліва калі у іх знаходзіцца прывабная дзяўчына - гэта сапраўды можа зняць стрэс, прынамсі у мяне.
14
Axel Justas / Адказаць
10.07.2017 / 18:22
Крытыкі абаронцаў - схадзіце адзін раз на бойню. Проста так, на экскурсію. Паглядзіце, як там працэс ідзе, як забіваюць, як скуру лупяць, як не ўсе жывёлы яшчэ мёртвыя на той момант, і г.д. Смачней тады жавацца будзе, гарантую.
Паказаць усе каментары/ 13 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру