Самыя дарагія землі Беларусі вызначаны па выніках кадастравай ацэнкі. Такая інфармацыя размешчаная на сайце Дзяржаўнага камітэта па маёмасці.

Нацыянальнае кадастравае агенцтва Дзяржаўнага камітэта па маёмасці завяршыла работы па кадастравай ацэнцы зямель па відах функцыянальнага выкарыстання зямель «жылая сядзібная зона» і «рэкрэацыйная зона», а таксама зямель садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў. Пасля зацвярджэння новыя вынікі будуць выкарыстоўвацца для мэт, вызначаных заканадаўствам, у тым ліку для мэт падаткаабкладання з 1 студзеня 2018 года.

Па выніках кадастравай ацэнкі на 1 ліпеня 2016 года самымі дарагімі землямі ў Беларусі з'яўляюцца землі Мінска. Іх сярэдні кадастравы кошт паводле віду функцыянальнага выкарыстання зямель «жылая сядзібная зона» складае 169,36 руб. за кв. м.

Далей у тройцы гарадоў Заслаўе (31,82 руб. за кв. м), Салігорск (30,3 руб.), Фаніпаль (30,2 руб.).

Сярод абласных цэнтраў самымі дарагімі аказаліся землі Брэста (24,88 руб. за кв. м), а самымі таннымі — Магілёва, дзе сярэдні кадастравы кошт паводле віду функцыянальнага выкарыстання зямель «жылая сядзібная зона» склала 16,52 руб. за кв. м.

Сярод сельскіх населеных пунктаў самыя дарагія зямлі знаходзяцца ў Мінскай вобласці, дзе сярэдні кадастравы кошт складае 1,31 рублёў за кв. м. Лідарамі тут сталі Мінскі (12,33 руб. за кв. м), Смалявіцкі (3,13 руб.) і Дзяржынскі (2,78 руб.) раёны.

Самы нізкі кадастравы кошт зямель у сельскіх населеных пунктах у Магілёўскай вобласці. Напрыклад, у Клімавіцкім і Хоцімскім раёнах — 0,12 руб. за кв. м, у Краснапольскім і Круглянскім — 0,14 руб. за кв. м. Дарэчы, сярэдняе значэнне кадастравага кошту ў Магілёўскай вобласці (0,28 руб. за кв. м) у пяць разоў меншае, чым у Мінскай (1,31 руб. за кв. м).

Максімальнае значэнне сярэдняга кадастравага кошту зямель садаводчых таварыстваў і дачных кааператываў таксама назіраецца ў Мінскай вобласці і складае 2,26 руб. за кв. м. Лідарам тут выступае Мінскі раён, дзе землі ў сярэднім ацэньваюцца ў памеры 10,85 руб. за кв. м. Высокі кадастравы кошт абумоўлены блізкім размяшчэннем да Мінска, наяўнасцю інжынерных камунікацый і добрым транспартным злучэннем.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0