11.07.2017 / 10:51

Маёнтак у аграгарадку. Што трэба зрабіць, каб ініцыятыва пра родавыя гнёзды запрацавала 8

На мінулым тыдні аж два разы на высокіх узроўнях было прамоўлена пра новы прыярытэт рэгіянальнага адміністравання. Спачатку было заяўлена, што ў Беларусі набывае «папулярнасць» і «шырокі рэзананс» рух «родавых маёнткаў», у межах якога людзі вяртаюцца «ў вёскі, дзе, напрыклад, раней жылі іх бацькі», ці «проста аддаюць перавагу таму, каб быць бліжэй да прыроды». У суботу, на дзяржаўным святкаванні Купалля ў Александрыі, «заможным людзям», якія нарадзіліся ў «маленькай вёсачцы і не забыліся на яе», было прапанавана зрабіць «для гэтых вёсачак, рачулак, для маленькіх гарадкоў і пасёлкаў тое, што мы можам зрабіць».

Трэба сказаць, што ідэя перастаць напампоўваць Мінск усё новымі і новымі жыхарамі ды пераключыцца на развіццё рэгіёнаў вельмі своечасовая і карысная. Болей за тое, няма, здаецца, у Беларусі заможных людзей, якія не хацелі б перабрацца з катэджных паселішчаў вакол сталіцы ў месцы, дзе можна жыць, не маючы высокага суседскага плота ў сябе пад бокам. Ідэя гэтая адпавядае і гістарычным практыкам, калі магнаты ВКЛ дбалі пра тэрыторыі, на якіх сяліліся, развівалі іх, дзякуючы чаму гарады і мястэчкі былі больш-менш роўныя адно аднаму, а такіх мегаполісаў, як Мінск, дзе пражывае 20 адсоткаў насельніцтва ўсёй краіны, у сярэднявечныя і рэнесансныя часы скласціся не магло.

Але для паспяховага выканання гэтай задумы трэба ўлічыць некалькі акалічнасцяў, якія не дазволяць ёй здзейсніцца сёння.

Па-першае, паселішча пачынаецца з інфраструктуры. І цяпер не ХІІІ стагоддзе, калі ўсё патрэбнае, уключна з тэатрам, кляштарам, бібліятэкай, змяшчалася ўнутры замка і ладзілася на грошы ягонага ўладара. Колькі б сродкаў з сабой ні прынеслі [недадушаныя] заможныя беларусы ў рэгіёны, пачынаць трэба з дзяржаўных праграм іх развіцця. Адзін «магнат», нават калі ён некалі меў квіток на нафтаапрацоўку і нафтагандаль па дзяржаўных квотах, не здолее пабудаваць дзіцячы садок, школу, дарогі і шпіталь ля «сваёй рачулкі». А без гэтага ў сённяшнім свеце людзі неяк не селяцца.

Усе вышэйпазначаныя аб’екты рознай ступені аднаўлення прысутнічаюць у месцах, дзе ў мінулым дзесяцігоддзі былі «Дажынкі». Але ў астатніх месцах Беларусі, дзе «Дажынак» не было, зніклі не тое што клубы і бібліятэкі — заняпалі нават крамы! Значная частка тэрыторыі абслугоўваецца цяпер аўталаўкамі, што вандруюць па раскладзе. Дык як можна жыць у мястэчку, у якім нават крамы няма? Ці краму ў ім трэба будаваць разам з «родавым гняздом»?

Па-другое, ідэя развіваць рэгіёны проста прыўкрасная, але як яна стасуецца з ужо агучанымі планамі ўвядзення велізарнай колькасці новых жылых кварталаў у Мінску? То бок, хто — пры гэткай дэмаграфіі — будзе жыць у Асмалоўцы?

Адкуль возьмуцца людзі? І што ўсё ж у прыярытэце: раскілбас цэнтра горада ў імя ўзвядзення «ылітнага паселішча» невялікай паверхавасці або дэлегаванне патэнцыйных жыхароў гэтага «ылітнага паселішча» «да рачулак, на прыроду»? Бо, ведаеце, родавы маёнтак — ён жа тым і адрозніваецца ад лецішча, што на ім жывуць увесь час. Ці жыхары маёнткаў павінныя адначасова засяляць і Асмалоўку і ўвесь праект скіраваны на тое, каб падатковая хутчэй вызначыла тых, да каго трэба прыходзіць у першую чаргу (бо калі не, дык выглядае, што нашая тэндэнцыя — каб 90 адсоткамі смачных месцаў у краіне валодалі 10 адсоткаў насельнікаў гэтай краіны)!

І потым, калі размова ідзе пра людзей, якія менавіта нарадзіліся там, «у маленькай вёсачцы», «ля рачулкі» і г. д., дык зразумела, што маюцца на ўвазе зусім не замежныя інвестары, пра важную ролю недасведчанасці якіх у выкананні беларускіх горадабудаўнічых фантазій сказана вось тут. Праект скіраваны на беларусаў, якія здолелі ці то зарабіць тут, сярод усёй нашай спецыфікі, ці то збеглі ад нашай спецыфікі за мяжу і зарабілі там.

І для таго, каб такія людзі нешта ўкладалі ў развіццё родных «рачулак», трэба ясна і без хітрыкаў паведаміць ім іх статус. І прававы статус таго, што яны збіраюцца будаваць.

Калі ім, як у выпадку са шмат якімі лецішчамі, участкі будуць прадавацца па дамовах арэнды ці ў абмежаваную ўласнасць, дык хто за гэта возьмецца? Хіба ў нас мала прыкладаў людзей, якія паспелі ўкласці дзясяткі, сотні тысяч даляраў у пабудову шляхецкага «родавага гнязда», а потым прыйшоў выканкам і вырашыў, што тут будзе, напрыклад, дарога?

Па дрэнны вопыт не трэба вельмі далёка хадзіць, вось расказваецца гісторыя пра анансаваны знос 34 катэджаў у Бараўлянах. Дык якое гняздо тут можна будаваць?

Калі ўвядзенне ў Беларусі класа буйных землеўладальнікаў не плануецца, дык давайце называць рэчы сваімі імёнамі: тым, хто нарадзіўся ў аддаленых месцах нашай слаўнай краіны, прапанавалі на спецыяльных умовах пабудаваць у гэтых месцах лецішчы. І атрымаць пад гэтыя лецішчы надзельчыкі на крышачку лепшых, чым раней, умовах.

Але гэта будуць не рэзідэнцыі Радзівілаў у Нясвіжы, не Геранёнскі замак Гаштольдаў і не палац Сапегаў у Ружанах. І калі раптам райвыканкаму дзюбне ў галаву здаць у арэнду тую самую «рачулку» — як гэта літаральна днямі адбылося з 91-м кіламетрам (!) Прыпяці, дык «шляхце» з «родавага гнязда» трэба будзе ўцерціся ды хадзіць плёскацца ў суседняе возера. Бо так вось пабудаваны свет беларускіх інвестыцыйных прапановаў. Спачатку шмат паэзіі, рачулкі, азёры і гандальеры ў «Маяку Мінска» (прычым гандолы «заказаныя» ў Італіі ўжо ў 2016-м годзе), а на выхадзе — агідны квартал аднолькавых мурашнікаў з самым дзівацкім па выглядзе (ІМХО) молам у сярэдзіне.

У аграгарадку маёнтак не пабудаваць.

Адзінае, што можна зладзіць пасярод калгаса, дзе наваколле належыць усім і нікому, — вялікі прыёмны пакой яго дырэктара. Усе астатнія грамадзяне — нават калі яны пачуваюцца шляхтай, вартай «арыстакратычных» «баляў» у Нясвіжы, — проста калгаснічкі. Якія нічым не валодаюць і ад якіх нічога не залежыць.

1
Libertarian / Адказаць
11.07.2017 / 11:14
Абсалютна згодны з панам Марціновічам. Грамадства вольных, прадуктыўных і заможных можа квітнець толькі там, дзе прыватную ўласнасьць дзяржава можа адабраць хіба што дзеля пакрыцця ахвяры школаў ад крымінальнага злачынства. Калі ўласнік маёмасці скраў, забіў, абрабаваў, віна была бясспрэчна даказаная і незалежны і справядлівы суд пастанавіў канфіскацыю. У любым другім выпадку дзяржава ня мае мець ніякіх правоў на маёмасьць жыхароў ні праз пабудову дарог, ні праз якія-кольвек мегапраекты мафіёзных "інвестараў". (кейс Асмалоўкі) Ніякі прыстойны інвестараў ня мае ўкладаецца ў праекты, што маюць зыходнікам пазбаўленьне людзей уласнасьці.
1
Люстэрка / Адказаць
11.07.2017 / 11:36
Артыкул супер. Якія могуць быць маёнткі ў калгасе? Спачатку сістэму мяняць трэба з калгаснай, дзе пануе беззаконне і заўсёды кагосьці пастаянна раскулачваюць, на чалавечую, дзе паважаецца закон і прыватная ўласнасць. На такую сістэму савецкі дыназаўр камуніст Лукашэнка не здольны па вызначэнні.
1
Альгерд / Адказаць
11.07.2017 / 11:55
З усiм згодзен! +мiльён. Калi не будзе прыватнай уласнасцi, не аб чым гаварыць!
Паказаць усе каментары/ 8 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру