Сярэднестатыстычны чалавек траціць на чыстку зубоў ад 50 да 100 дзён свайго жыцця. Стаматолагі кажуць, што рэдка хто чысціць зубы належныя тры хвіліны. Некаторыя нават прапускаюць вечаровую чыстку з-за моцнай стомленасці пасля цяжкага дня. Але ўсё можа змяніцца, калі ў продажы з'явіцца аўтаматычная шчотка, якая сама пачысціць вашыя зубы ўсяго за 10 секунд!
На сусветнай краўдфандынгавай пляцоўцы Kickstarter з'явіўся праект Amabrush, які прэтэндуе на рэвалюцыю ў гігіене роту. На запуск вытворчасці аўтаматычнай зубной шчоткі першапачаткова аўтары прасілі 50 тысяч еўра. У выніку праект настолкі зацікавіў людзей, што Amabrush сабрала ўжо амаль мільён!
Шчотка разборная і складаецца з трох частак: мяккага муштука са шчацінкамі, які ўстаўляецца ў рот, маторчыка, які стварае моцныя вібрацыі, а таксама капсулы з зубной пастай, якая самастойна ўспеньваецца і пры дапамозе мікрапомпы аўтаматычна наносіцца на зубы.
Муштук зроблены з антыбактэрыяльнага сілікону і лёгка мыецца пад вадой. Даследчыкі кампаніі вывучылі больш за 2000 розных тыпаў сківіцаў і распрацавалі ўнікальную сістэму чысткі зубоў. Электронная частка зараджаецца з дапамогай бесправадной док-станцыі. Аднаго зараду хапае ў сярэднім на 28 дзесяцісекундных чыстак. Капсула з зубной пастай далучаецца да шчоткі з дапамогай магніта. Адной капсулы хапае на месяц чысткі зубоў.
Вытворца запэўнівае, што выпусціць розныя варыянты капсул па кошце ўсяго €3 за штуку.
Як і звычайную ручную зубную шчотку, муштук аўтаматычнай шчоткі трэба мяняць кожныя 3-6 месяцаў. Адзін муштук будзе каштаваць €6.
Паведамляецца, што першыя шчоткі адправяцца да пакупнікоў у снежні, а іх кошт будзе пачынацца з 69 еўра.