11.07.2017 / 20:25

Экс-прарэктара ЕГУ звольнілі з мэрыі Вільні пасля камента ў фэйсбуку: ён параўнаў «лясных братоў» з тэрарыстамі як па-вашаму, хто мае рацыю? 79

Са сваёй пасады быў звольнены супрацоўнік віленскай мэрыі Дарыюс Удрыс. Ён сцвярджае, што нагодай стала негатыўнае выказванне на адрас пасляваенных партызанаў, якіх яшчэ называлі «ляснымі братамі». Мэр назваў прычынай адсутнасць вынікаў працы.

Што сказаў Удрыс?

Дарыюс Удрыс вядомы беларусам як былы прарэктар па развіцці і камунікацыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. У ЕГУ ён адпрацаваў 4 гады.

Пасля Удрыс заняў пасаду ў муніцыпальнай сістэме — узначаліў арганізацыю Go Vilnius, якая адказвае за прыцягненне інвестыцый і рэкламу літоўскай сталіцы на міжнароднай арэне.

Дарыус Удрыс. Фота delfi.lt

Удрыса пазбавілі пасады за камент у фэйсбуку, які ён пакінуў пад фатаграфіяй з Музея ахвяр генацыду. На здымку быў зафіксаваны заклік літоўскіх партызан забіваць арганізатараў калгасаў і прадстаўнікоў савецкай улады.

«А забіваць арганізатараў калгасаў — гэта маральна?» — запытаў Удрыс і параўнаў партызан з тэрарыстамі, якія нішчаць мірнае насельніцтва для дасягнення сваіх мэтаў.

«Па якім вызначэнні арганізацыю калгасаў прыраўнялі да злачынства супраць чалавецтва, за якое этычныя нормы дазваляюць пагражаць смерцю? Няўжо проста таму, што мэта апраўдвае сродкі? Забіваць або пагражаць смерцю арганізатарам калгасаў — гэта маральны ўчынак? Па якіх такіх этычных нормах?» — напісаў Дарыюс Удрыс.

Пытанне ацэнкі дзеянняў «лясных братоў», літоўскіх партызан-нацыяналістаў, якія змагаліся з камуністамі ў канцы 1940-х, застаецца ў цэнтры ўвагі літоўскіх гісторыкаў.

У 2011 годзе ў Літве выйшла «Кніга памяці ахвяр партызанскага тэрору». У ёй каля 25 тысяч прозвішчаў тых, каго забілі партызаны. Каля тысячы забітых — дзеці.

Публічную крытыку партызан рэзка асуджаюць людзі кансерватыўных і нацыяналістычных поглядаў. Пры гэтым метады «лясных братоў» былі крывавымі, нярэдка ахвярамі былі цэлыя сем’і простых літоўцаў, якіх каралі за «супрацоўніцтва з савецкімі акупантамі».

Камент выклікаў скандал

Кансерватыўна настроеная частка грамадства гучна абурылася словамі Удрыса.

Прадстаўнікі кансерватыўнай партыі «Саюз Айчыны — Хрысціянскія дэмакраты Літвы» (партыя Ландсбергіса) запатрабавалі адхіліць кіраўніка Go Vilnius ад пасады.

«Незразумела, як дзяржаўнай арганізацыяй можа кіраваць чалавек, які не толькі не разумее нашай гісторыі, але і ў сваіх выказваннях у публічнай прасторы прыніжае змагароў за свабоду Літвы і распаўсюджвае тэндэнцыйныя інтэрпрэтацыі пра значэнне літоўскай дзяржаўнасці. Такія скандальныя заявы ад кіраўніка ўстановы, падведамнага Віленскаму самакіраванню, павінны атрымаць строгую ацэнку ад кіраўнікоў горада», — гаворыцца ў заяве, распаўсюджанай кансерватарамі.

Дэпутат Сойма кансерватар Арвідас Анушаўскас нават назваў Удрыса «аматарам камуністаў».

Тым часам мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус даручыў ацаніць заявы Удрыса Камісіі па этыцы. Пры гэтым мэр падкрэсліў, што ацэньвае працу падначаленага «па яе выніках, а не па нейкіх іншых момантах».

Мэр Вільні Рэмігіюс Шымашус.

Пільны чытач узгадае імя Рэмігіюса Шымашуса. У 2011 годзе літоўскі Мінюст на запыт беларускіх уладаў перадаў Мінску інфармацыю пра рахункі, на якія праваабаронцы-«вясноўцы» збіралі грошы для рэпрэсаваных у Беларусі, у выніку чаго ў Беларусі Алеся Бяляцкага асудзілі за нясплату падаткаў. Тады Шымашус стаяў на чале Міністэрства юстыцыі. Пазней Шымашус публічна выбачаўся перад Бяляцкім і казаў, што шкадуе пра той учынак.

Калі скандал набраў абароты, Дарыюс Удрыс не адступіўся ад сваёй пазіцыі. Ён заявіў, што мае поўнае права ўдзельнічаць у дыскусіі і закранаць балючыя і важныя для ўсіх пытанні. На яго думку, ён нікога не абражаў, а толькі задаваў пытанні і хацеў «пачуць ад аматараў партызан, ці законна з пункту гледжання маралі пагражаць смерцю і забіваць мірнае насельніцтва за тое, што яны пайшлі працаваць у калгасы. Тое, што робяць кансерватары, — сказаў Удрыс, — нагадвае савецкія часы. Прадстаўнікі гэтай партыі больш за ўсіх настальгуюць па СССР і хочуць вярнуць у практыку метады КГБ — забараніць дыскутаваць на складаныя тэмы і задаваць нязручныя пытанні».

Вынік — звальненне

Урэшце, 7 ліпеня Дарыюс Удрыс быў звольнены з пасады кіраўніка Go Vilnius. Афіцыйна — за тое, што вынікі працы Удрыса не задаволілі мэра Шымашуса.

Аднак сам Дарыюс Удрыс напісаў у фэйсбуку, што раніцай 7 ліпеня меў прыватную размову з мэрам Шымашусам. Падрабязнасці яе ён распавёў «Нашай Ніве».

«Змест нашай размовы быў дзіўным, паколькі літаральна толькі што мы прадставілі паўгадавую справаздачу аб дзейнасці Go Vilnius, якая адназначна кажа пра тое, што арганізацыя паспяхова рэалізавала стратэгію і ўсе мэты, якія мы паставілі перад сабой у пачатку гэтага года. Мэр так і не здолеў канкрэтна сказаць, чым яго не задавальняе мая праца», — распавёў «Нашай Ніве» Удрыс.

Сам Шымашус — ліберал, падкрэсліў Удрыс. Таму, на яго думку, рашэнне мэра звязана з ціскам кансерватараў.

«Я быў расчараваны рашэннем мэра. Думаў пра яго лепш», — кажа Дарыюс Удрыс.

У сваю чаргу, Удрыс апублікаваў справаздачу дзейнасці Go Vilnius за першыя шэсць месяцаў 2017 года, каб даказаць, што праблем у працы арганізацыі не было.

Дарыюс Удрыс працягвае чытаць лекцыі ў Віленскім універсітэце і, да таго ж, разам з партнёрам мае зарэгістраваную ў Літве прыватную кампанію, якая займаецца брэнд-кансалтынгам.

Улад Швядовіч

99
Справедливый / Адказаць
11.07.2017 / 20:17
Умный человек. А его хулители совсем умом двинулись.
11
Павел Ас / Адказаць
11.07.2017 / 20:24
Чаго далека хадзіць? Хто як ліча, Курды гэта тэрарысты, ці змагары з рэжымам за незалежнасць???
24
Inger / Адказаць
11.07.2017 / 20:30
Toje szto zabivali ARHANIZATARAU kalhasau, dyk heta nie byli "mirnyja" liudzi, a pryslanyja kamisary, jakija arhanizavali savieckuju haspadarku inszymi metodami anizheli nasielnictva bylo zvyczajna. A mirnyja liudzi apynulisia pamizh malatkom i kavadlam: nia pojdziesz pracavac' u kalhas - budzie tabie vyvozka, lahier, stepy Kazachstanu, pojdziesz u kalhas - ad partyzanau adhrabiesz. Nu kali liasnyje braty terarysty dyk i kamisary nia liepszyja.
Паказаць усе каментары/ 79 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру