11.07.2017 / 18:26

У Расіі з 12 ліпеня ўступаюць у сілу новыя правілы перавозкі дзяцей

Новыя правілы перавозкі дзяцей уступаюць у сілу ў Расіі з 12 ліпеня, піша ТАСС. Як паведаміў намеснік кіраўніка Дзяржаўтаінспекцыі Расіі Уладзімір Кузін, цяпер катэгарычна забараняецца пакідаць дзяцей малодшых за сем гадоў адных у салоне аўтамабіля.

Пры выяўленні супрацоўнікамі Дзяржаўтаінспекцыі факту пакідання дзіцяці малодшага за сем гадоў у нерухомым транспартным сродку без паўналетняй асобы (альбо паступлення інфармацыі па дадзеным факце з іншых крыніц) будзе прымацца рашэнне аб прыцягненні кіроўцы да адміністрацыйнай адказнасці.

Новымі правіламі дазваляецца перавозіць дзяцей старэйшых за сем гадоў, фіксуючы іх рамянямі бяспекі. «Устаноўлена безальтэрнатыўнае выкарыстанне дзіцячых утрымлівальных прылад для перавозкі дзяцей ва ўзросце менш за сем гадоў, а таксама выкарыстанне такіх прылад альбо рамянёў бяспекі, прадугледжаных канструкцыяй транспартнага сродку, для перавозкі дзяцей ад сямі да 11 гадоў уключна», — распавёў Уладзімір Кузін.

Пры гэтым правілы забараняюць перавозіць дзяцей да 12 гадоў на заднім сядзенні матацыкла.

У Дзяржаўтаінспекцыі адзначаюць, што новыя правілы паспрыяюць бяспецы знаходжання дзяцей у транспарце.

nn.by

Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру