Ворагі, якіх не бачна,
ворагі, што дыхаюць у патыліцу,
ворагі, якіх сцеражыся… 

Дзень быў някепскі. Ні дажджу, ні снегу. Слабенькі марозік. Хоць і сонца не было. Але ж быў выхадны дзень. І нішто, здавалася, не магло сапсаваць настрой.

Восіп Качур, а ў сваёй хаце проста Ёзь, бо так у яго роднай вёсцы называлі ўсіх Восіпаў, і жонцы спадабалася гэткая транскрыпцыя імені, нетаропка крочыў з крамы. У руках — дзве курыцы, чырвоная рыба, бляшанка ікры, вэнджаная кілбаса, шампанскае, гарэлка «Налібокі» і нават віскі, якое ўпадабала Кацярына.

Дома жонка завіхалася на кухні, нешта смажыла, ляскала, зачыніўшы дзверы, каб дым ад падгарэлага мяса не поўз па ўсёй кватэры. Бо ў ёй панавала ўжо святочнае паветра. Перад тым, як пайсці ў краму, Ёзь паставіў у большым пакоі стол, уключыў музыку, каб стварыць атмасферу свята.

І сапраўды: сонца не было, неба не празрыста-блакітнае. Шэрае наваколле, дрэвы голыя і панурыя. Аднак хацелася спяваць, радавацца жыццю, якое год за годам, кропля за кропляй змяншаецца, хоць здаецца бясконцым.

Нешта цяжкаватыя былі сумкі, і Ёзь прыпыніўся, спяшацца было не варта, тым больш што харчовы тэхналагічны працэс у жонкі быў у самым росквіце.

Вакол мітусіліся людзі, кожнаму штосьці было патрэбна. На вуліцы гаманілі аўтобусы, тралейбусы, машыны. Горад віраваў.

Ёзь агледзеўся, вокам зачапіўся за вялізны рэкламны білборд, на якім чырванелі журавіны і сярод іх выпіналася, выпіналася ружовае сэрца з літарай Я. «Я люблю Беларусь!» Цудоўныя словы. Чаму некаму можна любіць сваю Амерыку ці Расію, а яму нельга Беларусь? Некалі, даўно, ён з сябрамі, тады яшчэ маладымі хлопцамі, радасна гукалі на вуліцы: « Жыве Беларусь!» Яго душа ад шчасця, здаецца, імкнулася ў космас, хацелася спяваць, зрабіць штосьці неймавернае. Жыве Беларусь, жыве Беларусь… Іх затрымалі міліцыянты і некалькі гадзін валтузілі ў пастарунку. Ёзя лупцаваў па твары мардаты сяржант і прыгаворваў: «Вот тебе, сволочь, живёт твоя Беларусь…»

Ён уздыхнуў і падумаў, што, магчыма, гэта былі яшчэ не горшыя часіны. Пасля гэткія сяржанты прыціхлі, нібыта трошкі супакоіліся. Так думалася, хацелася, каб так было. Дарэмная спадзяванка, дарэмная…

Па дарозе дамоў Ёзь яшчэ раз азірнуўся на білборд з журавінамі, але ўжо зусім абыякава, бо ранейшыя думкі зніклі, і ён падумаў, што, відаць, сабраліся госці, а ён не прынёс прысмакі, якія заказала жонка. Будзе сварыцца, хоць, можа, прытрымае язык пры чужых людзях.

Так, я люблю Беларусь, я люблю Беларусь. Зноў затахкала ў галаве.

У кватэры ўжо чуваць галасы гасцей. Яны былі шмат гадоў адны і тыя ж. Ля дзвярэй Ёзя спаткаў Аляксандр Каржоў, высокі, танклявы, як заўжды, пры гальштуку. Вузенькая сівая барада, сівыя кароткія валасы. Усміхаецца, але вочы халодныя, і ў іх пагарда да ўсіх: я — кароль, астатнія з прысутных — лёкаі.

Жонка Каржова Святлана — даволі сімпатычная кабета ў доўгай, амаль да пятаў, блакітнай сукенцы, якая пасуе да яе штучна светлых валасоў, ля каранёў цёмных. На руках — фіялетавы манікюр, пасыпаны срэбным пылам. Яны з Ёзевай жонкай абмяркоўвалі нешта вясёлае. Святлана гучна смяялася, ляскала ў ладкі. І гэта таксама выглядала штучна, як яе валасы, бліскучыя ад лаку.

Галіна Нужкевіч і Валя Абрамовіч сядзелі ў гасцёўні і таксама нешта ўзбуджана абмяркоўвалі. Ёзь зразумеў, што іхняй тэмай была паездка ў Вільнюс, дзе яны збіраліся купляць вясельную сукенку для Валінай дачкі. Ну, і прыкупіць розных прадуктаў, бо таннейшыя ў літоўцаў. Мяса, рыба, сыр, яшчэ сёе-тое. Вяселле, не абы-якая бяседа.

Гэта ўсё ўхапіў Ёзь, пакуль распранаўся ў калідоры, здымаў чаравікі, перадаваў з рук у рукі сумкі Каржову. Жонка толькі хітнула галавой, занятая размовай з Янінай. Абышлося без гвалту, прыстойна. У іх сям’я не канфліктная, інтэлігентная і спакойная. Нямачаго дзяліць. Недарэмна пражылі столькі гадоў, што ажно страшна: дваццаць вёснаў ззаду. Як і не было іх. Значыць, можна і чарку ўзяць з Каржовым, да стала яшчэ чакаць ды чакаць. Сам вінаваты, што затрымаўся з прысмакамі.

Ёзь наліў у чаркі самаробнага віна з агрэсту, паклікаў ад тэлевізара, па якім паказвалі футбол, Антона Нужкевіча і Хведара Абрамовіча. Усе дружна адгукнуліся. Узнялі чаркі. Ёзь сказаў: «Ну, што хлопцы, жыве Беларусь!» «Жыве Беларусь!» — ляпнулі чаркай аб чарку Нужкевіч з Абрамовічам. Каржоў глынуў моўчкі. Працягнуў руку, каб Ёзь наліў яшчэ. Дык і не шкада.

З кухні зірнула жонка Кацярына: «Не спяшайцеся — хутка ўсе прыдзем».

— Мы і не спяшаемся, — зарагатаў Каржоў. — У нас усё ёсць.

Стол атрымаўся багаты, але як і ва ўсіх на святы. Зараз раскошай стала ўжо нікога не здзівіш. Абы грошы.

Спярша ўсе елі, нібы тыдзень адгаладаўшы. Ціха, толькі чуваць, як перажоўваюць ежу госці. Зрэшты, усё было свежае, смачнае.

Размова стала больш бадзёрай недзе праз гадзіну. Як было ўжо неаднойчы, пачала жонка Каржова. Мабыць, жанчыны ацанілі яе новую сукенку, прычоску, бо на мінулай іхняй сустрэчы Святлана была цёмна-каштанавай, і валасы курчавіліся ля самых плячэй.

— Усё-ткі нашы малайцы. Ух, якія малайцы! — гэта яна паўтарыла

тройчы і астатні раз вельмі гучна, каб пераўзвысіць гоман за сталом.

— І хто гэта? — неяк між іншым спыталася жонка Ёзя. Яна сачыла, каб

Ёзь неспадзеўку не ўхапіў лішку. Усе, як людзі, а ты, быццам апошні з апошніх, пад рыштаванне кладзеш сабе і кладзеш. Якое рыштаванне, што ён калі сабе лішку клаў? Ды ніколі такога і не было. Што зробіш, жонка і народны кантроль і дзяржаўны, а галоўнае — ініцыятыўны.

— Ды нашы, нашы, — радасна гукала Святлана. А яе муж Каржоў ажно ўскідваў угору рэдзенькую казліную бародку і цягнуў сваю любімую песню, якой ведаў толькі два радкі: «Божа, цара храні…» Звычайна ён яшчэ дадаваў: «Я, як велікарос, маю першачарговае права…»

— Якія вашы? — ужо зацікавіўся самы маўклівы з кампаніі Антон

Нужкевіч. Яго напаўсівая барада сілкавалася салатай з буракоў, марской капустай, кінзой. Увесь гэты кактэйль прычапіўся да валасоў і нагадваў нацюрморт знаёмага Ёзю мастака Кільца, які ўжо больш за дваццаць гадоў маляваў жыта з малінай і бульбай. Пасярэдзіне поля стаяла дзяўчына ў адным капелюшы. Шмат хто казаў, што Кільц геніяльны, але да таго часу, пакуль ён не пачынаў гвалт пра асаблівасці і лекавыя здольнасці канадскага клёну.

— Нашы — гэта нашы, — Святлана ўзнялася ў свой немалы рост, які

быў на галаву большы за Каржова. — Нашы — гэта нашы! Мы — рускія, пераможцы! Крым наш! Ура! Вып’ ем за нашу перамогу! Налівай, Іосіф! Хоць у цябе і яўрэйскае імя, але ты наш. Наш! Налівай!

Ёзь якраз перамаўляўся з Абрамовічам, які апавядаў яму пра сваё апошняе наведванне лазні, дзе іхні малады начальнік зрабіў карпаратыўную вячэру. Найлепшыя і найпрыгажэйшыя супрацоўнікі боўталіся ў маленькім што балея, басейне, а астатнія гойсалі на лыжах і пілі каву з азербайджанскім каньяком. Першыя мелі ў роце найсмачнейшыя стравы і смакавалі каву з «Напалеонам» і «Хенесі».

— Налівай! — у вуху, здаецца, нешта загудзела, зашкамутала.

Святлана гукала яму, прыхіліўшы вусны да самага твару. Ёзь спярша не зразумеў, што жадае ад яго гэтая гарачая, бы печ, жанчына, у якую ўкінулі не менш як два кошыкі торфу. — Вып’ем за наш Крым, за вялікую Расію!

— І чаму ён ваш? Таму што гвалтоўна захапілі? І чаму я павінен піць за вялікую Расію?

— Ты, Іосіф, нічога не разумееш! Крым ёсць, быў і будзе нашым, рускім. Мы, рускія, там гаспадары! Вось за гэта я і прапаную ўсім выпіць.

— Па-першае, я не рускі. І тое, што Расія ажыццявіла аншлюс Крыма, як колісь Германія далучыла да сябе чэхаславацкія Судзеты пад выглядам абароны тамтэйшых немцаў, не падстава мне піць за яе. Я хачу выпіць і прапаную выпіць за Беларусь. Ты тут жывеш шмат гадоў і нікуды, у тым ліку, у сваю любімую Расію ад’язджаць не хочаш, таму што табе тут добра, камфортна, але ты не ведаеш ніводнага слова па-беларуску. І такіх, як ты, шмат у Беларусі. І, на жаль, гэта ваша пятая калона не змяншаецца, а павялічваецца. Рускія не хочуць падымаць Расію, яны імкнуцца сюды. Ужо было ў газетах, якія з радасцю пісалі, што тысячы расейскіх пенсіянераў едуць у Беларусь. А гэта тыя ж «зялёныя чалавечкі», якія зрабілі рэферэндум у Крыме. Яны небяспека Беларусі!.. Небяспека!.. Таму прапаную чарку за Беларусь! Хто хоча, няхай п’е за сваю Расію!

— Я, як велікарос, скажу, — узняўся з-за стала Каржоў, прыгладзіў рэдзенькую бародку, чмыхнуў, выпіў чарку, зноў сабе наліў, — скажу наступнае… Не разумею цябе, Іосіф. Ты паглядзі тэлебачанне. Усё расійскае і рускае. Па ўсіх каналах скачуць і пяюць рускія спевакі. Я сто гадоў не бачыў беларускага кіно. Толькі расійскія серыялы. Уся рэклама ідзе па-руску. Кругом надпісы па-руску. Атрымліваецца, што вы, беларусы, не здольны нічога самі зрабіць без нашага ўплыву, без нашай парады, без нашай згоды. А твая свядомасць як была на ўзроўні хутара, адкуль ты родам, на такім і засталася. Вы ледзь што, падціскаеце хвост. Вы ж у нас памяркоўныя браты. Таму я таксама падымаю чарку за Расію, бо ў яе нафта, газ, магутныя караблі, самалёты, ракеты, ядзерная зброя. Хто са мной?!

— Што ты казаў… — пачаў Ёзь, але яму не далі дагаварыць. Абрамовіч, Нужкевіч, жанчыны узнялі чаркі за тост Каржова. Толькі жонка Ёзя не ўзяла ў руку посуд. Яна агледзела стол, пераставіла некалькі страў месцамі.

— Вы, прабачце, але я ўжо даўно не ўжываю ні гарэлкі, ні віна. Мне шкодна, — сказала Кацярына. — Лепш з’ем унь тую смачную чырвоную рыбіну.

Абрамовіч і Нужкевіч, кульнуўшы чарку, старанна варушылі, працавалі відэльцамі, нізка схіліўшы галовы над талеркамі. Напятая цішыня цяжка павісла ў пакоі. Нават не чуваць, як частуюцца госці. Ці варта было распачынаць такую размову за сталом, дзе павінна панаваць вясёлая атмасфера, бесклапотнасць. Выпілі, закусілі, пагаманілі ні пра што і разышліся. Кожны ў свой бок, каб зноў убачыцца, калі надарыцца такое шчасце, раз ці два на год. Навошта ён пачаў гэту размову, але, зрэшты, і не ён.

Наш Крым… Вы ніхто, а мы ўсё… І ў наваколлі не адна такая Святлана Каржова са сваім мужам-велікаросам. Нешта трэба сказаць… Трэба сказаць. Толькі без істэрыкі і знявагі. Хоць яны ўжо зняважылі яго і ягоны дом. Добра, што сёння няма дзяцей. Дарослых сына і дачкі, якіх ён заўжды вучыў, што няма нічога вышэй за Беларусь, спакутаваную, зганьбаваную, але жывую, што жыве памяць пра Касцюшку і Кастуся Каліноўскага, якіх ненавідзяць расіяне, але гэта тыя вобразы, на якія варта маліцца. Як перад іконамі святых. Ён так заўжды думаў, думае і будзе думаць, і ніхто з чужынцаў, з навалачы, што запаўняе ягоную Радзіму, не здолее пераканаць яго ў іншым. Ён спадзяецца, што і яго дзяцей.

— Я, канечне, нарадзіўся на хутары, і я не велікарос, а беларус і гэтым ганаруся. І мой хутар як Мекка для мяне, — ціха прамовіў Ёзь. Побач ужо сядзела жонка і ціснула яму ў бок. Такім чынам сігналізавала: маўчы, не будзі ліха. Ён так зірнуў на жонку, што тая адсунулася і нават шматзначна ўзняла палец да лба. — А вось ты, велікарос, адкуль выплыў у Мінску? Табе месца не знайшлося ў вялікай бязмежнай Расіі? Адкуль ты, шукальнік вялікага шчасця і грошай? Які нячысцік цябе прыгнаў на бедную, гаротную Беларусь? А, у цябе высакародная місія! Якая? Русіфікаваць беларусаў і канчаткова зрабіць падуладнымі вашага вялікага розуму, вышэй за які няма ў нікога на свеце. Рускі чай, рускія бярозы, рускае поле, рускі характар, рускі мароз, рускае неба…

— Я так не казаў, — ускочыў Каржоў з-за стала, — але гэта праўда. Як ракеты і самалёты… Усё наша рускае — найлепшае ў свеце!

— І менавіта так! — пачуўся раптам ад парога чыйсьці сіпаты голас. Ёзь азірнуўся, і бровы яго палезлі ўгору. Гэта быў сын суседа Лёні Янкеловіча Змітрок, якога ніхто не запрашаў. І як ён апынуўся ў хаце?

— Прабачце, дзверы былі адчынены, а мяне маці паслала да вас пазычыць ваніль, — усміхаючыся, гаварыў Змітрок. — Ну, я і зайшоў. Пачуў вашу размову. І хачу сказаць, што мы, рускія, наймацнейшыя ў свеце…

Ён наймацнейшы ў свеце, руські, найгалоўнейшы чалавек. Нацыя, якая вышэй за ўсіх. Яны ахвяруюць усім для ўсіх. Яны імкнуцца для шчасця ўсяго свету. Зялёныя чалавечкі ў Крыме, пенсіянеры, якія скупляюць жыллё там і ствараюць рэферэндум. Ён — рускі, наймагутнейшы ў свеце… А ў галаве ці ты спакойны? Скуль узнікла такое жаданне і імкненне, што ты выбраная асоба Богам? І чаму рускага выбраў Бог? Раней, здаецца, выбіраў немцаў, калі на іхняй зямлі збіраўся стварыць тысячагадовую імперыю мастак-пачатковец Адольф Шыкльгрубер — Гітлер. Хто ты такі, што раптам зрабіўся рускім? Так падумаў Ёзь, і ад гэтай думкі ў яго нават быццам сціснула абручом, як цэбар, цяжкую галаву.

Ён ведаў, хто і адкуль Змітрок. Ягоная маці была беларуска з беднай вёскі Пухавіцкага раёна, а бацька — яўрэй, які ўсё жыццё марыў змяніць прозвішча Янкеловіч на жончына Самец. І гэта пытанне Ёзь неаднойчы абмяркоўваў з Лёнем, ці, як у пашпарце, Лейбам, і даказваў, што прозвішча Янкеловіч больш гучнае і цікавае, чым Самец. Самец — гэта Самец, што раўня свінячаму Кныр, а Янкеловіч паходжаннем ад Янкі. Якая размова. Тым больш цяпер не Савецкі Саюз, не сталінскія часіны, калі яўрэі хаваліся пад іншымі прозвішчамі. Напрыклад, быў Гірш — стаў Рыгор, альбо Лейба, а цяпер Лёня. Быў Элькінд, а цяпер Смірноў альбо Іваноў.

— Мы, рускія, усіх вас прымусім вас любіць нас і паважаць, працягваў Змітрок. — Я, дарэчы, член арганізацыі рускіх патрыётаў, якія хутка возьмуць уладу ў свае рукі. Рускія вайскоўцы і нашы прыхільнікі ёсць у кожным горадзе і паселішчы гэтай так званай Беларусі… Прыхільнікі Расіі ў кожнай арганізацыі. Пачынаючы з урада, дзе працуюць рускія, якія спяць і бачаць, каб скончыць з вамі, беларусамі. Нават спецслужбы… Думаеце, яны адданыя Беларусі, яны здольныя змагацца за Беларусь. Вайскоўцы… Як у Крыме. Рускія чалавечкі падышлі да варот вайсковых частак, і адразу ўсе ўзнялі рукі ўгору. Хто пойдзе змагацца за Беларусь!? Няма камля, адны гнілыя галіны. Вось таму ўсе вашы абмеркаванні не вартыя гнілога яблыка. Дый вы, Іосіф Антонавіч, гаворыце пра Беларусь, а ніводзін з вашых гасцей ні слоўкам не падтрымаў вас. Наадварот, першымі вас здадуць рускай агентуры. А я лічу сябе рускім, таму што за імі перавага, дый грошы… Ха-ха-ха…

Ён здзекліва смяецца, рагоча. Рускі шавініст, беларуска-яўрэйскага

паходжання. Валасы светлыя, жытнёвыя, бы ў маці, якая пакутавала ад дыябету і якой заставалася жыць лічаныя месяцы, зусім не падобны да чарнявага з рэшткамі валасоў на галаве бацьку, стаяў з цьмяна-блакітнымі і пустымі вачыма ў хаце, куды яго ніхто не запрашаў.

Ёзь, нібы загіпназаваны, глядзеў на гэтага чалавека і слухаў яго, не разумеючы, што яму рабіць. У кватэры госці, святочны настрой, стол з прысмакамі. Можна, зрэшты, проста пасядзець у спакоі, пажартаваць, успомніць, хто ў якім быў тэатры. Нават абмеркаваць абрыдлую расійскую папсу, што з ранку да ночы забаўляецца ў тэлевізары, перапоўніла ўсю беларускую тэрыторыю і, як колісь цыганы, выцягвае з людзей грошы. А гэты, Змітрок, прыйшоў у ягоную хату, каб сказаць, што ён, Ёзь Качур, беларус ад камля, пакаленні якога пачынаюцца, магчыма, з трэцяга стагоддзя да нараджэння Хрыстова, павінен слухаць, што ён нікчэмнасць, нібыта грудка зямлі, якая ператворыцца ў пыл, калі добра прыгрэе сонца.

«Гейдрых у Германіі, напалову яўрэй і немец, светлагаловы, узор арыйца, кат Чэхіі, таксама, мабыць, думаў, як цяпер думаеш ты сваімі слабымі мазгамі. Ён ужо стаў рускім, а чаму не арабам альбо неграм, мусульманскім фанатыкам. У іх вельмі блізкая філасофія. У, д’ябал!

Ёзь падняўся з-за стала. Каржоў ужо абдымаўся са Змітраком. Яны гучна абмяркоўвалі як пашырыць рускі ўплыў на замшэлых беларусаў. Жонка Каржова каля іх ажно танчыла. Нужкевіч з Абрамовічам і жонкі маўчалі, заглыбіўшыся ў салаты, якіх на талерках ужо не было. Ён адзін, нібы апошні самурай, павінен вырашыць сваю… Менавіта сваю праблему. Хто ў доме гаспадар?! Хто?

Ёзь выходзіў з-за стала нетаропка, не як спяшаючыся ў прыбіральню, а быццам тыгр, што збіраецца скочыць на сваю ахвяру. Душа ягоная перакулілася, мабыць, сто разоў, сэрца скочыла і ўгору, і згары таксама, нібыта ён збіраўся дэсантавацца з Джамалунгмы. У вачах скакалі мухі і поўзалі мурашы, а найбольш перасоўваліся блакітна-чырвоныя куфэркі.

Ён падыходзіў, нібы яго на сабе перасоўвалі лыжы, і не простыя, а няйнакш алімпійскія, чэмпіёнскія. Ёзь не хацеў гэтага рабіць, душа спрабавала вярнуцца ў свой ранейшы спакойны стан, але і спыніцца не мог. Затрымаўся за паўкрока ад Янкеловіча і Каржова. Твар у Змітрака быў бы смятана, ад якой адціснулі апошні тлушч.

— Ідзі дамоў, рускі патрыёт, — вымавіў як выдыхнуў Ёзь. — Цябе сюды ініхто не запрашаў. Зачыні за сабой дзверы!

Магчыма, ён яшчэ што-небудзь дадаў, і больш моцнае. на вялікай рускай мове, але яго стрымлівала жонка, якая ашчаперыла рукамі ягоную руку і трымала, не даючы зрабіць крока, каб наблізіцца да сына Янкеловіча.

Змітрок выйшаў, зрабіўшы пальцам знак свастыкі, і працягнуўшы жэст ад шыі да столі. Усмешка на ягоным твары красамоўна сведчыла: мы з табою яшчэ пабачымся. Ён перасмыкнуў плячыма, пазяхнуў і выйшаў, моцна ляснуўшы дзвярыма.

— Ты прыйшоў да нас як гаспадар зямлі, бо ты рускі, — сказаў Ёзь, азіраючы ўсіх, але звяртаючыся да Каржова, — але і мы маем свой гонар. Няўжо ты хочаш, каб мы з табою абышліся, як грузін, армян, азіят. Ні з кім з іх ты нават не падумаў бы так гаварыць са знявагай да зямлі, на якой ты апынуўся. Нават украінец такога не дазволіў бы. Толькі тут, на маёй зямлі, беларускай, вы, рускія шавіністы, дазваляеце сабе такія паводзіны. Няўжо ты думаеш, што не прыйдзе час… Дарэчы, ён ужо прыйшоў… Кожны чалавек мае свой гонар, і ніводны, ніхто… Я хацеў сказаць сабака… Хай прабачыць мяне сабака. Ніхто не мае ніякага права зневажаць чалавечую годнасць. Магчыма, нашым людзям, беларусам, я не кажу народу, бо той народ, які здольны даць па пысе вось такім, як ты Каржоў, што запаланілі нашу зямлю, акупавалі, нягорш за немцаў, толькі пад выглядам братэрскай дапамогі, сёння абыякава. І я скажу, чаму гэтак атрымалася. Таму што вы выканалі свой інтэрнацыянальны абавязак. Не толькі з часоў бальшавікоў, але з усіх часоў Расійскай Імперыі. Бо вы, рускія, па сваёй сутнасці захопнікі, як і германцы. Толькі ў адрозненне ад вас, германцы пакаяліся перад усім светам. Яны прамовілі, што рабілі нечалавечыя справы, а вы, рускія, прыгарнуўшы да свайго боку ўсіх калабарацыяністаў, з іх дапамогай, рабілі сваю гнюсную працу.

— Спыніся, я цябе прашу, спыніся! — ухапіла Ёзя за руку жонка. — Прашу, спыніся. Навошта ты распальваеш вогнішча ў нашай хаце.

— Яно ўжо даўно распалена, — Ёзь раптам азірнуўся на Нужкевіча і Абрамовіча. — Хлопцы, вы хоць слоўка мовіце.

Абодва хлопцы з жонкамі пільна ўзіраліся ў талеркі, на якіх нават не танчыла муха. У іх, мабыць, было жаданне як найхутчэй выскачыць з хаты і забыць гэты вечар, быццам нейкі жах.

Звычайна было чутно, як ляскае ліфт, недзе згвалтаваная, знясіленая музыка ніяк не можа вызваліцца з-пад няўдалых рук выканаўцы, не можа, і толькі цяпер чамусьці сціхла. У кутку пакоя раптам узнік павук і раптоўна здэсантаваўся на галаву Абрамовіча. Ён узмахнуў рукою, адкідваючы павука, сціснуў вусны ў гаротны вузельчык і цяжка ўздыхнуў. Нужкевіч лыпаў вачыма і гладзіў двума пальцамі сівую бараду. Каржоў з жонкаю апрануліся і, выходзячы з кватэры, выгукнулі аднагалосна: «Да здравствует Россия!»

Усю ноч Ёзь не мог заснуць. Часам прыціскала яго дрымота, валтузіла, калаціла, і, урэшце, ён, знясілены, хістаючыся, падняўся з ложка і выйшаў у халодны калідор. Не грукаў ліфт, не чуваць ніводнага голасу.

Прывіды, цені, мроі — нібыта сон і нібыта рэальнасць. Толькі што яму бачыліся Каржоў з жонкаю і былы сябрук па інстытуце Шыркуль, па мянушцы Здольны Хлопчык, які любіў перад дзяўчатамі гаварыць: «Я не ведаю беларускі язык, таму што вырас каля Камароўкі». Чаму можна жыць каля Камароўкі і не ведаць беларускую мову? Пытанне, на якое проста так немагчыма адказаць. Навошта Здольны Хлопчык так казаў, ніхто не ведаў, дый і не пытаў.

Ляснулі дзверы — і выйшаў у калідор сусед Палікарп, тлусты, азызлы, з распертым кіндзюком, чорны, як азіяцкі гандляр, з чырвонымі масленымі вуснамі і чорнымі пукатымі вачыма. Запаліў цыгарэту, пыхкаў, маўчаў. Пасля доўга кашляў, спытаў:

— Што, сусед, не спіш?

— А-а! — уздыхнуў Ёзь. — Так, рознае… А ты?..

— Дык вось прачнуўся і думаю: што за жыццё — вакол адны яўрэі. Жыць не даюць, працаваць шкодзяць. І яшчэ гэтыя …

— А ты хто?

— У якім сэнсе?

— Па нацыянальнасці?

— Рускі. Ад камля. Так што давай трымацца адзін аднаго, бо яўрэі задушаць.

— Прабач, але я беларус…

— Дык ты што, за яўрэяў?

— Не, я за Беларусь і за сябе, — адказаў Ёзь, назіраючы за тым, як тлусты твар суседа чырванее і ў пукатых вачах запальваюцца агеньчыкі.

Мармытанне, мацюкі — і за чорна-чырвоным тварам грукаюць дзверы. Нейкі ляскат і — цішыня. Ёзь стаіць яшчэ трошкі, адчуваючы, як смярдзіць тытунём восеньскае паветра. Холадна і сумна. Але недзе далёка-далёка ўздымаецца сонца, і яно хай ледзь-ледзь, але блісне, агорне сваім цяплом душу і будзе для яго свята. Будзе свята ягонай душы!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?