Удзельніца «Эўрабачаньня-2006» ад Беларусі Паліна Смолава ня трапіла ў фінальную частку гэтага міжнароднага конкурсу, што праходзіць у Грэцыі. Позна ўвечары 18 траўня глядацкая аўдыторыя невысока ацаніла конкурсную песьню беларускі пад назвай «Мама», у выніку чаго і песьня, і артыстка аказаліся па-за мройнай дзясяткай фіналістаў. Гэта ўжо трэцяя спроба Беларусі «ўклініцца» ў эўрапейскую музычную поп-эліту: у папярэднія гады на стадыі паўфіналу адсеяліся дуэт «Аляксандра й Канстанцін» і сьпявачка Анжаліка Агурбаш.

Ад’езду Паліны Смолавай у Афіны папярэднічала актыўная рэклямная кампанія ў дзяржаўных друкаваных і электронных мэдыях. Некалькі разоў на дзень беларускія каналы «круцілі» англамоўную конкурсную песьню «Mum», а таксама ролік, у якім старэйшай сяброўцы давала наказы пераможца дзіцячага «Эўрабачаньня-2005» Ксенія Сітнік. А вось у беларускай частцы тэлеканалу «MTV» Смолава адсутнічала. Кіраўнік праекту «MTV-Беларусь» Валік Грышко кажа, што такой «ганьбе» ўвогуле ня месца ў эфіры.

(Грышко: ) «Усё гэта чакана, нічога дзіўнага. А ўвогуле – ганьба. Я перастаю ўжо разумець, як у нас адбіраюць на конкурс выканаўцаў. Перакананы: у Гюнэш Абасавай нашмат цікавейшая была песьня. Дый сама Гюнэш куды цікавейшая. Гэта калі казаць пра папулярных выканаўцаў. Атрымаўся ж зусім іншы варыянт – ганебная песьня, ганебнае наагул усё, што з гэтым конкурсам у нас зьвязана. Гэтым, перадусім, мусяць займацца дасьведчаныя прадусары. Не звычайныя гледачы павінны выбіраць, на іхную думку, лепшага артыста, а прадусары. А ў нас – атрымліваецца – кідаюцца са скрайнасьці ў скрайнасьць».

Тым ня менш, у Беларусі Паліна Смолава запатрабавана. Яна – актыўная ўдзельніца прапагандысцкіх канцэртаў «За Беларусь» на падтрымку Аляксандра Лукашэнкі. Летась у складзе дэлегацыі БРСМ Смолава выяжджала ў Вэнэсуэлу на фэстываль моладзі й студэнтаў. За публічную падтрымку рэжыму прадстаўнікі апазыцыі выступалі з прапановай уключыць сьпявачку ў лік асоб, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Гэта магло паставіць пад пытаньне й сам удзел Смолавай у «Эўрабачаньні».

Дарэчы, ускосна неляяльнасьць да прыхільнікаў Лукашэнкі адчула на сабе й леташняя ўдзельніца конкурсу Анжаліка Агурбаш: грэцкая амбасада толькі ў дзень заплянаванага адлёту ў Афіны выдала візы сямейнай пары Агурбашаў, якія ўрэшце спазьніліся на самалёт, і ў Грэцыю не паляцелі. (Цікава, што муж і фундатар сьпявачкі Мікалай Агурбаш увесь час падкрэсьлівае: маўляў, ён – этнічны грэк.)

Юры Падольскі, прадусар і бацька мінулагодняй удзельніцы «Эўрабачаньня» ад Расеі Наталі Падольскай прагназуе, што бліжэйшым часам у афіцыйнай беларускай прэсе зьявяцца артыкулы, як Беларусь чарговым разам «засудзілі». Але спадар Падольскі перакананы: што магчыма ў Беларусі, – неверагодна для Заходняй Эўропы.

(Падольскі: ) «Я лічу, што там увогуле ня можа быць суб’ектыўнасьці. Разумееце, як усё працуе? Стаіць кампутар у нейкай краіне (дапусьцім, у Брытаніі, Францыі й г.д.) – і яны падсумоўваюць галасы па краіне. Навошта Італіі ці Босьніі – скажам – колькасьць галасоў каторага замежнага ці ўсіх замежных удзельнікаў? Там папросту не прынята «махляваць». Гэта ў нас так робяць (і апошнім часам, дарэчы, вельмі распаўсюджана): выдаваць некаму жаданае за рэальнае для ўсіх. А там гэтым не займаюцца. Там вельмі сур’ёзныя наступствы, калі выплывуць на паверхню падобныя рэчы. Ніхто ня будзе рызыкаваць».

Фінал сьпеўнага конкурсу «Эўрабачаньне-2006» у Афінах адбудзецца 20 траўня. І зноў – безь беларускага ўдзелу.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0