14.07.2017 / 17:22

Навукоўцы: Доўгі працоўны дзень вядзе да развіцця арытміі 2

Паводле апошняга даследавання, працоўны тыдзень працягласцю больш за 55 гадзін можа выклікаць развіццё мігальнай арытміі, аднаго з самых распаўсюджаных відаў парушэнняў сардэчнага рытму, які можа прывесці да інсульту.

Science Photo Library

Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе European Heart Journal, піша ВВС.

Даследаванне праводзіла міжнародная каманда навукоўцаў на чале з Мікам Ківімакі з Універсітэцкага каледжа Лондана. Навукоўцы прааналізавалі стан здароўя амаль 85 тысяч работнікаў (сярэдні ўзрост удзельнікаў склаў 43,4 года). Ні адзін з іх не пакутаваў на арытмію ў пачатку эксперыменту.

Аўтары даследавалі даныя электракардыяграм, гісторыі хвароб, інфармацыю па выдатках на лекі і пасведчанні аб смерці. За ўдзельнікамі ў сярэднім назіралі на працягу дзесяці гадоў.

Навукоўцы зарэгістравалі крыху больш за тысячу выпадкаў развіцця мігальнай арытміі.

З улікам такіх фактараў, як пол, сацыяльнае і эканамічнае становішча, атрымалася, што тыя, хто працаваў больш за 55 гадзін у тыдзень (прыкладна 5% ад усяго колькасці удзельнікаў), мелі рызыку развіцця арытміі амаль у паўтара разу большую, чым тыя, хто працаваў 35-40 гадзін у тыдзень (каля 63% усіх удзельнікаў).

У дзевяці з дзесяці выпадкаў мігальная арытмія развівалася ў тых, хто да пачатку даследавання ніколі не пакутаваў на якія-небудзь сардэчна-сасудзістыя захворванні. Адсюль навукоўцы зрабілі выснову, што доўгія працоўныя гадзіны могуць спрыяць развіццю гэтай хваробы.

Як заўважаюць даследчыкі, лад жыцця тых, хто перапрацоўвае, у цэлым менш здаровы, чым у астатніх. Яны менш актыўныя фізічна, часцей пакутуюць на атлусценне і злоўжыванне алкаголем.

Навукоўцы кажуць, што стрэс на працы — патэнцыйны фактар рызыкі развіцця сардэчна-сасудзістых захворванняў, а рэгулярныя перапрацоўкі могуць павышаць рызыку інсульту. Аднак аб канкрэтнай сувязі працягласці працоўнага дня з развіццём мігальнай арытміі навукоўцы ведаюць мала.

Некага можа збянтэжыць той факт, што працягласць працоўнага тыдня замяралася для кожнага чалавека толькі ў самым пачатку эксперыменту (у перыяд з 1991 па 2004 год). Але кіраўнік даследавання прафесар Ківімакі кажа, што, як правіла, людзі захоўваюць свае працоўныя звычкі, таму гэта не магло сур'ёзна паўплываць на вынікі даследавання.

У даследаванні ўдзельнічалі жыхары Вялікабрытаніі, Даніі, Швецыі і Фінляндыі. Варта ўлічваць, што на вынікі маглі паўплываць ўмовы жыцця менавіта ў гэтых краінах, таму ў ідэале неабходна правесці падобнае даследаванне і за іх межамі.

nn.by

0
lls / Адказаць
14.07.2017 / 22:25
Штодзённая праца увогуле шкодная для здароў'я рэч. Як любое рабства.
0
Швед / Адказаць
21.08.2017 / 05:03
Если хочется работать, ляг поспи и все пройдет.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру