14.07.2017 / 20:39

У Салігорску двое мужчын абрабавалі 78-гадовага пенсіянера 1

Днямі ў Салігорску двое мужчын сярод белага дня абрабавалі пенсіянера: павалілі яго на зямлю і, утрымліваючы за рукі, забралі з нагруднай кішэні грошы. Напярэдадні злачынства 78-гадовы пацярпелы атрымаў пенсію, пасля чаго адправіўся па пакупкі. Недалёка ад крамы на яго і напалі, паведамляе УУС Мінаблвыканкама.

«Зламыснікі не выпадкова выбралі ахвяру, выказаўшы здагадку, што ў сталага пакупніка, напэўна, засталася здача пасля паходу ў краму. Пры гэтым рабаўнікоў не збянтэжыла ажыўленасць месца і светлы час сутак», — распавёў начальнік крымінальнага вышуку Салігорскага РАУС Валерый Валасюк.

Усяго крымінальны дуэт забраў 270 рублёў, частку якіх выдаткаваў на таксі і спіртное.

Выйсці на падазраваных удалося дзякуючы відавочцы, у якога на вачах адбылося рабаванне. Па падрабязным апісанні (у аднаго са зламыснікаў амаль усё цела было ў татуіроўках) аднаго з іх, 45-гадовага мясцовага жыхара, удалося затрымаць ужо праз некалькі гадзін. Другога — сёння раніцай.

У дачыненні да абодвух распачатая крымінальная справа па ч. 2 арт. 206 КК РБ («Рабаванне»). Ім пагражае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 6 гадоў. Мужчыны ўжо прыцягваліся да крымінальнай адказнасці: адзін — за забойства, другі — за рабаванні і разбоі.

Нагадаем, днямі ў Гродне невядомы адабраў кашалёк у 92-гадовай бабулькі.

nn.by

0
Running / Адказаць
14.07.2017 / 21:42
Вось галоуная пухлiна i паказчык стану грамадства.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру