Тысячы дзяржаўных служачых у Турцыі адхіленыя ад працы новым дэкрэтам, апублікаваным у дзяржаўнай Official Gazette у пятніцу, напярэдадні гадавіны спробы дзяржаўнага перавароту ў краіне, піша ВВС.

Getty

Getty

У апублікаваным спісе звольненых — 2303 паліцэйскіх, 546 вайскоўцаў, 302 універсітэцкіх выкладчыкаў і больш за 3000 супрацоўнікаў розных міністэрстваў, у тым ліку МУС, МЗС, мінюста, міністэрства аховы здароўя і мінадукацыі. Агулам свае пасады страцілі 7348 чалавек.

Спроба дзяржаўнага перавароту ў Турцыі адбылася ў ноч на 16 ліпеня 2016 года. Асноўныя падзеі разгортваліся ў двух найбуйнейшых гарадах краіны — Стамбуле і Анкары. У выніку супрацьстаяння загінулі 260 чалавек.

Пасля падаўлення бунту ў Турцыі было абвешчанае надзвычайнае становішча. Разам з непасрэднымі ўдзельнікамі путчу былі арыштаваныя больш за 50 тысяч дзяржслужачых, уключаючы вайскоўцаў, суддзяў, выкладчыкаў універсітэтаў. Каля 150 тысяч чалавек пазбавіліся працы з-за падазрэнняў у сувязях з паўстанцамі.

Улады Турцыі назвалі галоўным натхняльнікам і арганізатарам бунту ісламскага прапаведніка Фетхулу Гюлена — даўняга апанента прэзідэнта краіны Рэджэпа Таіпа Эрдагана. У Анкары патрабуюць экстрадаваць Гюлена са Злучаных Штатаў, дзе ён жыве з 1999 года.

Сам Гюлен сцвярджае, што не мае дачынення да спробы перавароту. Прапаведнік паабяцаў вярнуцца ў Турцыю ў выпадку, калі яго віна будзе даказаная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?