Парламент Польшчы прыняў законапраект, які надзяляе дэпутатаў і міністра юстыцыі правам прызначаць суддзяў без кансультацый з прадстаўнікамі судовай сістэмы, паведамляе ВВС.

Reuters

Reuters

Супраць законапраекта выступілі апазіцыйныя партыі і праваабаронцы. На думку крытыкаў гэтай заканадаўчай ініцыятывы, прапанаваныя новаўвядзенні парушаюць канстытуцыйны прынцып падзелу ўладаў.

Кіруючая ў Польшчы партыя «Права і справядлівасць», якая выступае за прыняцце гэтага закона, сцвярджае, што рэформа неабходная з-за карумпаванасці існуючай судовай сістэмы. Прадстаўнікі партыі сцвярджаюць, што суды ў Польшчы фактычна абслугоўваюць толькі інтарэсы эліты.

Міністр юстыцыі Збігнеў Зёбра раней на гэтым тыдні заяўляў, што змены неабходныя, бо існуючая сістэма прызначэння суддзяў не адпавядае дэмакратычным прынцыпам.

«Мы хочам спыніць карпаратывізм і даць дэмакратыі паветра. Таму што Польшча — гэта дэмакратыя, заснаваная на вяршэнстве закона. Гэта не «судакратыя», — заявіў міністр.

Каб законапраект стаў законам, ён павінен быць падпісаны прэзідэнтам краіны Анджэем Дудам. Прэзідэнт раней не казаў аб планах накласці на закон вета.

Праціўнікі законапраекта абвясцілі аб правядзенні акцый пратэсту ў Варшаве ў нядзелю. Апазіцыя лічыць прапанаваныя змены несправядлівымі і асцерагаецца, што вырашальнае слова ў прызначэнні суддзяў будзе заставацца за кіруючай партыяй, якая дамінуе ў парламенце.

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International таксама выказала нязгоду з рэформай. Як гаворыцца ў заяве, калі члены Нацыянальнай судовай рады, якая закліканая гарантаваць незалежнасць суддзяў і судоў, будуць абірацца дэпутатамі, то гэты орган стане фактычна падкантрольны парламенту, што супярэчыць дэмакратычным прынцыпам.

Таксама на гэтым тыдні на разгляд парламента быў прадстаўлены яшчэ адзін законапраект, які дазваляе міністру юстыцыі адправіць у адстаўку ўсіх суддзяў Вярхоўнага суда Польшчы і прызначыць новых.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?