Ужо за паўгадзіны да пачатку працы з’езда людзей было мора. Столькі ганаровых беларусаў на адзін квадратны метр рэдка калі ўбачыш. Пісьменнікі, гісторыкі, навукоўцы, грамадскія дзеячы — каго тут толькі не было. 

Макей на З'ездзе беларусаў свету: Давайце кіравацца логікай карпарацыі

Сустракаліся ўдзельнікі як даўнія добрыя сябры — шчыра ўсміхаліся, абдымаліся і не маглі нагаварыцца. Для некаторых гэта ўжо сёмы з’езд, а для кагосьці — першы. Сёлета на сустрэчу прыехалі больш за 160 дэлегатаў з 20 краін і 145 дэлегатаў з Беларусі.

Гісторык Леанід Лыч.

Гісторык Леанід Лыч.

Акадэмік Радзім Гарэцкі.

Акадэмік Радзім Гарэцкі.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Пісьменнік Валер Санько.

Пісьменнік Валер Санько.

Палітык Алесь Лагвінец.

Палітык Алесь Лагвінец.

Хто ні выходзіў да мікрафона, так ці інакш гаварыў пра незалежнасць, мову, памяць. Што беларуская нацыянальная ідэя вышэй за палітычны рэжым, што беларускай мове павінны надаць рэальную дзяржаўнасць, што мы ўсе мусім захоўваць культурную спадчыну. Што мы павінны звяртацца да беларусаў замежжа, прыслухоўвацца да іх, каб не выпасці з глабальных працэсаў, якія ідуць у свеце.

Многія сканчвалі выступы гучным «Жыве Беларусь!» І зала адказвала: «Жыве!»

Легендарная Ніна Багінская.

Легендарная Ніна Багінская.

Хіба самая яркая прамова была ў Валянціны Шаўчэнка, якая напачатку перадала вітанні ад згуртавання беларусаў у Канадзе, а потым сказала пра набалелае ад сябе.

«Мне здаецца, што адна з найгалоўных праблем беларускага жыцця як за мяжой, так і ў Беларусі — няздольнасць часам знаходзіць кампрамісы і паразуменні паміж сабой дзеля агульнай мэты. Але Згуртаванне беларусаў свету змагло пераадолець і гэта, — сказала спадарыня Шаўчэнка. — Самае галоўнае цяпер для мяне — гэта тое, што ўсе ўдзельнікі справы «Белага легіёну» ўжо на волі. І ў гэтым вялікая заслуга старшыні Рады згуртавання Ніны Шыдлоўскай. Патрыёт — не злачынца. Ніна, дзякуй вялікі за тое, што тыя мужчыны, якімі мусіць ганарыцца кожная краіна, цяпер могуць абняць сваіх жонак, матуль і дзяцей».

Прадстаўнік згуртавання беларусаў у Канадзе адзначыла, што яны ўсяляк падтрымліваюць людзей, якія будуюць новую Беларусь, але ў цяперашніх умовах не лічаць магчымым падтрымліваць стасункі з дзяржаўнымі ўстановамі і органамі.

«Як нам бачыцца з замежжа, не існуе механізмаў дэмакратычнай змены ўлады і пераемнасці палітычнай эліты, — патлумачыла яна. — Амаль што зусім няма беларускамоўных школ і дзіцячых садкоў. Вышэйшая адукацыя ўся на рускай мове.

У такіх умовах асноўная і адзіная форма ўзаемадзеяння згуртавання беларусаў Канады з Беларуссю сёння — гэта падтрымка грамадскіх арганізацый, якія працуюць на развіццё беларускай мовы і культуры, акцый салідарнасці з тымі, хто абсалютна легітымна патрабуюць зменаў, таму што патрыёты — гэта не тыя, хто пагаджаецца з усім, што адбываецца ў краіне, а тыя, хто хочуць змен да лепшага. У каго душа баліць за родную мову, культуру і гісторыю».

Дэпутат Алена Анісім мадэравала сустрэчу.

Дэпутат Алена Анісім мадэравала сустрэчу.

Імаверна, выступ спадарыні Валянціны падштурхнуў Макея зноў узяць мікрафон і яшчэ раз звярнуцца да ўсіх.

«Ведаеце, калі мы будзем працягваць палітыку супрацьстаяння, я асабіста лічу, што гэта ні да чаго добрага не прывядзе, — сказаў Макей. — Тут прагучалі заклікі, што не трэба супрацоўнічаць з дзяржавай. Я лічу, што гэта не той шлях, якім мы павінны ісці ў будучыню. Чаму? Напрыклад, мы пэўны час жылі пад санкцыямі Еўразвязу, але чаго мы дасягнулі ў дэмакратычным развіцці краіны? Вы памятаеце, што раней словы «дэмакратыя» і «правы чалавека» многія баяліся тут вымаўляць, а сёння зробленыя першыя крокі ў накірунку развіцця дыялогу паміж дзяржавай і грамадствам. І гэта вельмі важна. Можа, гэтыя змены і не бачныя, але яны ёсць».

«За апошнія тры-чатыры гады пазітыўнага развіцця нашых адносін з Еўразвязам, з ЗША і з Канадай, якая, дарэчы, адмяніла санкцыі супраць Беларусі, мы дасягнулі значна больш, чым за папярэдні перыяд санкцый, — працягнуў міністр. — Гэта гаворыць само за сябе. Я лічу, што мы павінны думаць пра развіццё самабытнасці, ідэнтычнасці нашай дзяржавы і пра ўмацаванне незалежнасці».

Макей заклікаў не дзяліць дыяспару па прынцыпе «нашы» і «не нашы» ці «лаяльныя» і «не лаяльныя», а дзейнічаць разам. Ён запэўніў, што гатовы працаваць з усімі беларусамі замежжа.

«Каб Беларусь была лепшай, мабыць, трэба мяняць законы»

Кацярына Фаронда.

Кацярына Фаронда.

Беларуска Кацярына Фаронда жыве ў Амерыцы апошнія 14 гадоў. З’ехала, бо хацелася рызыкнуць, паспрабаваць штосьці новае, праверыць свае сілы. Тады ёй быў 21 год, усё здавалася рэальным.

«Я скончыла школу з залатым медалём, універсітэт — з чырвоным дыпломам. Спачатку была старастай класа, потым — старастай групы. Увесь час удзельнічала ў нейкіх грамадскіх ініцыятывах, — прыгадвае жанчына. — У ЗША ехала працаваць. Калі выходзіла замуж, у мяне ўжо была свая кампанія».

Кацярына спецыялізуецца на міжнародным гандлі і бізнэсе, але мае і некамерцыйную беларуска-амерыканскую арганізацыю. Амаль увесь час, што яна ў эміграцыі, робіць камерцыйныя і некамерцыйныя праекты з Беларуссю, дапамагае беларускім дзіцячым дамам.

На радзіме бывае калі тры, калі чатыры разы на год. Дзеці штогод прыязджаюць сюды на лета да бабуль і дзядуль. Кацярына кажа, што яны чакаюць гэтых паездак і вельмі любяць беларускую калыханку.

«У замежжы для Беларусі шмат можна зрабіць. Але калі гэта робіцца аднабакова, то нічога не атрымаецца. Гэта мой другі з’езд, чатыры гады таму я тут таксама была і пазнаёмілася з рознымі людзьмі, з якімі мы потым рабілі хоць і невялікія праекты, але тым не менш», — распавядае бізнэсоўка.

Думак вярнуцца ў Беларусь у яе няма, бо там муж, дзеці, праца. Ды і Нью-Ёрк ужо цяжка памяняць на штосьці іншае.

«Каб Беларусь была лепшай, мабыць, трэба мяняць законы, змяншаць гэтыя бюракратычныя правалокі. Цяпер усё настолькі хутка развіваецца, і калі ўскладняць гэтыя працэсы той бюракратыяй, якая ёсць у Беларусі, можна застацца ў канцы цягніка.

Хаця насамрэч у Беларусі вельмі шмат разумных таленавітых людзей. Таму калі заканадаўчыя органы будуць прымаць нармальныя законы, не будуць ціснуць, а рэальна спрыяць таму, каб людзі праяўлялі сябе, гэта дапаможа. Тады і з’язджаць беларусы не будуць, і будуць вяртацца пасля атрымання замежнай адукацыі», — мяркуе Кацярына.

«На старой беларускай нараджаецца новая ідэнтычнасць»

Алег Краўцоў на з’ездзе прадстаўляе Маскву. Нарадзіўся ён у Мазыры, аднак пазней сям’я пераехала ў Расію.

Цяпер сям’я Алега жыве ў Беларусі, а ён — фактычна на дзве краіны, бо ў Расіі засталася праца.

Гэты з’езд — трэці, у якім Алег бярэ ўдзел.

Алег Краўцоў.

Алег Краўцоў.

«На сёння ў беларусаў няма нацыянальнай дзяржавы, а ёсць нашчадак БССР, дзе пануе тая ж самая наменклатура, што не збіраецца прасіць прабачэння за рэпрэсіі і ўсё, што было. Якая не збіраецца адмаўляцца ад сваёй сімволікі. Якая дазваляе сабе апранаць форму НКВД на святы. У гэтым праблема.

Асноўныя пытанні, якія ставяцца на з’ездзе — захаванне суверэнітэту і слабая ідэнтычнасць. А за які суверэнітэт нам, беларусам, трэба змагацца? За той, што мае постсавецкая адміністрацыя, якая душыць нацыянальнае жыццё, не дае развівацца грамадзянскай супольнасці? Гэтую дзяржаву мы мусім бараніць? Калі так, то дзяржава сама па сабе не з’яўляецца каштоўнасцю.

Яна будзе каштоўнасцю, калі будзе адпавядаць нашым поглядам на жыццё. Сёння мы, беларусы, па сутнасці, нацыянальнай дзяржавы не маем», — кажа Алег.

А што да пытання ідэнтычнасці, то, на яго думку, прычына праблемы ў тым, што еўрапейскія нацыі фармаваліся на грунце пазітыўнай этнічнасці, а мы — негатыўнай. То бок у нармальнай сітуацыі ўсё, што звязана з культурай, мовай, гісторыяй мусіць выклікаць пазітыўныя эмоцыі і гонар. Мэта ж беларускага нацыянальнага праекта, складзенага ў Савецкім саюзе, была ў тым, каб паступова адысці ад этнічнасцяў дзеля пабудовы камунізму, даводзіць Краўцоў. Ён мяркуе, што гэты праект дагэтуль працягвае працаваць у Беларусі.

«Маладое пакаленне беларусаў знайшло выйсце — гэта новая ідэнтычнасць, якая нараджаецца на старой беларускай. Яна грунтуецца на бел-чырвона-белым сцягу, «Пагоні», вышыванцы, моладзь ганарыцца перамогай пад Оршай і пад Грунвальдам, святкуе Купалу. Гэта зусім іншы цывілізацыйны выбар і зусім іншы цывілізацыйны код, за якім, на мой погляд, будучыня нашай тутэйшай ідэнтычнасці», — мяркуе Ігар.

У нядзелю, 16 ліпеня, з’езд працягне сваю працу. Пры канцы будуць зацверджаныя выніковыя дакументы, пройдзе пасяджэнне новаабранай Вялікай Рады МГА «ЗБС «Бацькаўшчына» і адбудуцца выбары старшыні Рады.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?