У ЗША ва ўзросце 77 гадоў памёр рэжысёр Джордж Рамэра, які зняў фільм жахаў «Ноч жывых мерцвякоў». Карціна стала сусветнай класікай і паклала пачатак цэламу кірунку фільмаў пра зомбі, піша Бі-бі-сі.

«Ён памёр спакойна, у сне пасля непрацяглай, але рашучай барацьбы з ракам лёгкіх, пакінуўшы пасля сябе добрую сям'ю, шмат сяброў і кінематаграфічную спадчыну, якой удалося прайсці выпрабаванне часам і якая працягне існаваць», — прыводзіць Франс Прэс словы менеджара рэжысёра Крыса Ро.

Фільм «Ноч жывых мерцвякоў», які здзейсніў пераварот у жанры фільмаў жахаў, быў зняты ў 1968 годзе. Рамэра выступіў суаўтарам сцэнарыя і рэжысёрам карціны.

Пасля выхаду фільм падвергнуўся крытыцы за вялікую колькасць сцэн гвалту, і многія кінакампаніі першапачаткова адмаўляліся ад яго пракату, аднак праз некаторы час фільм быў прызнаны класікай жанру і спарадзіў мноства сіквелаў і рэмейкаў.

З-за абмежаванага бюджэту - каля 114 тысяч даляраў - карціна была знятая на чорна-белую камеру і перанесена ў колер толькі ў 2005 годзе. У якасці крыві пры здымках выкарыстоўваўся шакаладны сіроп, а акцёры насілі вопратку з сэканд-хэнду.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?