17 ліпеня спаўняецца тры гады з таго часу, як ракета ў небе над ўсходняй Украінай збіла пасажырскі «Боінг-777» авіякампаніі Malaysian Airlines. Загінулі 298 чалавек. Як выявіла міжнароднае расследаванне, самалёт быў збіты з зямлі.

Міжнародная экспертна-журналісцкая група Bellingcat апублікавала даклад, што абагульніў доказы датычнасці да гэтага прарасійскіх сепаратыстаў і аспрэчыў найбольш вядомыя альтэрнатыўныя версіі.

У перыяд з 23 па 25 чэрвеня 2014 года вайскоўцы 53-й зенітна-ракетнай брыгады перагналі некалькі транспартных сродкаў да расейска-ўкраінскай мяжы. У іх ліку была ракетная ўстаноўка «Бук» пад нумарам 332.

Бук у 2012 годзе

Бук у 2012 годзе

Раніцай 17 ліпеня 2014 года ўстаноўка знаходзілася ў Данецку. Там «Бук» пагрузілі на платформу грузавой машыны. Адтуль яна накіравалася на ўсход праз тэрыторыю, падкантрольную прарасійскім сепаратыстам. Нумар «Бука» быў замазаны, аднак Bellingcat удалося апазнаць ўстаноўку па ўвагнутасці і слядах фарбы.

За перавозку ўстаноўкі ў Данбас адказваў адстаўны расійскі афіцэр Сяргей Дубінскі з пазыўным «Хмуры», сцвярджала група. У 2014 годзе Дубінскі быў начальнікам разведкі ў падраздзяленні сепаратыстаў, якое ўзначальваў Ігар Стралкоў (сапраўднае прозвішча — Гіркін).

Днём таго ж дня грузавік з «Букам» прыбыў у горад Снежнае, які знаходзіцца прыкладна за 80 кіламетраў ад Данецка. Са Снежнага ўстаноўка рушыла сваім ходам на поўдзень.

Каля 16:20 17 ліпеня «Бук» збіў «Боінг» авіякампаніі Malaysian Airlines, які ляцеў з Амстэрдама ў Куала-Лумпур. На борце рэйса MH17 было 298 чалавек. 196 з іх былі грамадзянамі Нідэрландаў. Усе яны загінулі.

Раніцай 18 ліпеня «Бук» пад нумарам 332 быў зняты на відэа. Ён праязджаў праз падкантрольны сепаратыстам Луганск. На ўстаноўцы бракавала адной ракеты. Перахопленыя размовы сепаратыстаў сведчаць пра тое, што неўзабаве пасля гэтага ракетная ўстаноўка вярнулася ў Расію.

Прычынай гібелі пасажырскага лайнера стала ракета «зямля-паветра», выпушчаная з ўстаноўкі «Бук». Да такой высновы прыйшла Рада бяспекі Нідэрландаў і Аб'яднаная следчая група, куды, апроч галандцаў, увайшлі прадстаўнікі праваахоўных органаў Аўстраліі, Бельгіі, Малайзіі і Украіны.

Расійскія ўлады працягваюць сцвярджаць, што ў крушэнні вінаваты ўкраінскі бок.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?