17.07.2017 / 16:45

Жыхары Бранявога і Вайсковага завулкаў адбіліся ад ушчыльнення 4

Жыхары дамоў у Бранявым і Вайсковым завулках змаглі паўплываць на прапанову архітэктараў па развіцці іх квартала: надбудоўваць мансардныя паверхі дарагім трохпавярховым сталінкам і ўшчыльняць двары дзіцячымі садкамі ў цэнтры горада не будуць, паведамляе Tut.by.

Грамадскае абмеркаванне праекта кварталаў ля плошчы Перамогі ў межах вул. — вул. Фрунзе — прасп. Незалежнасці — вул. Казлова — вул. Платонава — вул. Чапаева завяршылася ў канцы чэрвеня. Па праекце, нагадаем, архітэктары прапанавалі надбудаваць мансардныя паверхі ў чатырох сталінках, ушчыльніць два двары дзіцячымі садкамі, пабудаваць гаражы-стаянкі.

На прэзентацыі праекта жыхары дамоў выступілі катэгарычна супраць прапаноў архітэктараў. А пазней напісалі не адзін калектыўны зварот у адміністрацыю Партызанскага раёна з просьбай улічыць іх меркаванне.

Жыхары дома № 10 па Вайсковым завулку ў сваім звароце напісалі, што яны катэгарычна супраць знішчэння зялёнай зоны ў двары свайго дома дзеля будаўніцтва дзіцячага садка. А мансардныя паверхі знішчаць гістарычную значнасць квартала.

«Высечка зялёнай зоны — гэта ліквідацыя маленькіх «лёгкіх» дадзенага сектара, што значна пагоршыць умовы і якасць жыцця жыхароў квартала, у асноўным пенсіянераў», — пішуць у сваім звароце жыхары дома.

Жыхары дома № 4 у Бранявым завулку таксама напісалі калектыўны зварот. У ім яны адзначаюць, што ў двары іх дома растуць унікальныя шматгадовыя здаровыя дрэвы, высечка якіх была б відавочным варварствам і вяла б не толькі да пагаршэння экалагічнай абстаноўкі, але і да ўзнікнення сацыяльнай напружанасці. Тым больш што высечка дрэў дзеля будаўніцтва дзіцячага садка — нелагічнае рашэнне: у квартале некалькі старых дзіцячых садоў раней аддалі пад офісы.

Адміністрацыя раёна калектыўныя звароты разгледзела і адправіла прапановы жыхароў у камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва. Там вырашылі:

— выключыць з праекта рэканструкцыю шматкватэрных дамоў з надбудовай мансардных паверхаў па завулку Бранявым, 10, 12, 13, і завулку Вайсковым, 13;

— выключыць з праекта будаўніцтва дзіцячых садоў па завулку Бранявым і на вуліцы Захарава.

1
Свабода / Адказаць
17.07.2017 / 19:04
"знішчаць гістарычную значнасць квартала."
 Што гістарычнага ў тым квартале? Ваеншчына расейская, вам трэба супакоіцца.



http://nn.by/?c=ar&i=194155
1
з Розачкі / Адказаць
17.07.2017 / 21:21
Малайцы!! Проста малайцы!
0
Адам Чумак / Адказаць
18.07.2017 / 08:15
можам, калi захочам?
Паказаць усе каментары/ 4 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру