22 жнiўня ў Камiтэце дзяржкантролю адбылося пасяджэнне калегii, прысвечанае вынiкам праверкi асобных пытанняў фiнансава‑гаспадарчай дзейнасцi дзяржаўнага аб’яднання «Беларуская чыгунка».

Адна з галоўных высноў: многiя парушэннi аналагiчныя альбо тыя ж самыя, што былi выяўлены i чатыры гады таму. Гэта значыць,

альбо кiраўнiцтва не спраўляецца са сваёй задачай, альбо хiбы закладзены ў самой сiстэме работы чыгункi i выправiць сiтуацыю можа толькi яе рэфармаванне.

Агульнае ўражанне ад пачутага на калегii: Беларуская чыгунка жыве някепска, большасць яе прадпрыемстваў маюць прыбытак, але шчасце гэта ненадзейнае, бо чыгунцы бракуе гаспадарлiвасцi. Напрыклад, аб’яднанню не ўдаецца спынiць дынамiку старэння асноўных сродкаў. На абнаўленне вагонаў, цеплавозаў, электравозаў кiраўнiцтва бярэ банкаўскiя крэдыты i пазыкi. За 2007 год сума пазык павялiчылася на 67,5 млрд рублёў i дасягнула 286,5 млрд. Разам з тым, прыбытак практычна цалкам «праядаецца». Летась Мiнская дыстанцыя пуцей Мiнскага аддзялення Беларускай чыгункi 95 працэнтаў свайго прыбытку выкарыстала на прэмii i ўзнагароджанне, а гэта больш за 1 млрд рублёў. Акрамя таго, апаратам кiравання Беларускай чыгункi не распрацоўваюцца каштарысы расходаў прыбытку, што дазваляе выкарыстоўваць яго бескантрольна.

«Аб’яднанне набыло на ўмовах фiнансавай арэнды ў ТАА «Белiнвестбанк» 700 грузавых вагонаў, — прывёў яшчэ адзiн прыклад дрэннага распараджэння грашыма Беларускай чыгункай начальнiк галоўнага ўпраўлення кантролю за работай галiн у сферы матэрыяльнай вытворчасцi Камiтэта дзяржкантролю Вiталiй Дзерах. — Кошт вагонаў у параўнаннi з конкурснай цаной значна ўзрос з‑за таго, што банк у разлiках па здзелках выкарыстоўваў розныя валюты: расiйскiя рублi пры закупцы i долары пры перадачы вагонаў у лiзiнг. Гэта можа прывесцi Беларускую чыгунку да дадатковых выдаткаў валюты ў памеры 1,4 млн долараў ЗША».

Не ў эканамiчных iнтарэсах галiны, праз двух пасрэднiкаў, закуплены i калёсы цэльнакатаныя. Пры iх набыццi непасрэдна ў манапольнага прадаўца эканомiя магла скласцi 1,9 млрд рублёў.

Рэвiзоры ўпэўнiлiся, што пры наяўнасцi выбару Беларускай чыгунцы ўласцiва спыняцца на тым, што даражэй.
Так звычайна паступае той, хто альбо распараджаецца не ўласнымi грашыма, альбо не ўмее iх лiчыць. Як вядома, тэндар на закупку тавараў аб’яўляецца для таго, каб выбраць той тавар, якi найбольш адпавядае суадносiнам цаны i якасцi. Аднак унiтарнае прадпрыемства «Белчыгунзаб» у лiпенi 2007 года набыло для ўласных патрэбаў прафесiйнае спартыўнае абсталяванне — самае дарагое з тых, што былi прапанаваныя. А для начальнiка ваенiзаванай аховы быў набыты аўтамабiль «Шкода» мадэлi «Супер‑камфорт» коштам каля 24 тысяч еўра з падшклянкамi i нават футлярам для лыжаў. Пры тым, што цалкам магчыма было набыць больш танны аўтамабiль, напрыклад, «Ладу» за 7 тысяч еўра.

Пра некаторыя факты, якiя сведчаць пра ўласную безгаспадарлiвасць, кiраўнiкi чыгункi са здзiўленнем даведалiся падчас калегii дзяржкантролю. Напрыклад,

на 92 прыборы дыстанцыйнага кiравання асвятленнем, на якiя было выдаткавана 504 млн рублёў з iнавацыйнага фонду, не была распрацавана праектная дакументацыя, i прыборы ляжалi без патрэбы на складзе, пакуль iх не знайшлi рэвiзоры. Толькi пасля праверкi iх, нарэшце, усталявалi.

Дарэчы, дзякуючы дзяржкантролю былi знойдзены 140 з 868 спiсаных вагонаў, якiя лiчылiся згубленымi. Праўда, толку ад знаходкi мала, бо вагоны ходзяць па чыгунцы iншых дзяржаў. Калi б гэтыя вагоны сапраўды былi спiсаныя i здадзеныя на перапрацоўку, то Беларусь атрымала б 5,2 тыс. тон металалому. Праверка ўстанавiла, што дэфiцыт грузавых вагонаў пакрываецца пазыкай вагонаў у iншых краiнах, а неправамернае спiсанне iх прывяло да недахопу ў бюджэт падаткаў на суму 908,5 млн рублёў.

Са 145 рэфрыжэратарных вагонаў з няпоўнай загрузкай выкарыстоўваюцца толькi 13. У вынiку за 2007 год агульная сума страт склала больш за 3 млрд рублёў. Разам з тым выкарыстоўвалiся рэфрыжэратары з Латвii, Украiны, Расii i Лiтвы.

Беларуская чыгунка дазваляе сабе не толькi губляць вагоны сотнямi,
але i памяшканнi свае не выкарыстоўваць, альбо здаваць iх у арэнду прыватнiкам па занiжаных стаўках. Ды i тыя грошы яна не бярэ своечасова. На пачатак года не былi задзейнiчаны памяшканнi агульнай плошчай каля 4,5 тыс. кв. метраў. Толькi Гомельскае аддзяленне Беларускай чыгункi з‑за таннай арэнды ў 2006—2007 гадах недалiчылася 5,2 тыс. еўра. Разам з тым за шэсць апошнiх гадоў былi закрыты 63 магазiны i 72 сталовыя, якiя раней працавалi ў сiстэме чыгункi.

Чыгуначнiкi не ўмеюць лiчыць не толькi грошы. У Баранавiцкiм аддзяленнi рэвiзоры выявiлi 101 няўлiчаны аб’ект. Аналагiчная сiтуацыi з iнвентарызацыяй i на iншых аддзяленнях.

Рукi ў кiраўнiцтва не даходзяць таксама i да новых будынкаў. Летась была спiсана праектна‑каштарысная дакументацыя па 13 аб’ектах, якiя сёння сталi неактуальныя. Кошт гэтых распрацовак складае 800 млн рублёў. Па сутнасцi, гэтыя грошы проста выкiнутыя.

Цяжка сказаць, якую карысць прынеслi Беларускай чыгунцы i 286 тыс. долараў ЗША, выдаткаваныя на камандзiроўкi за 9 месяцаў 2007 года. За гэты час кiраўнiкi выязджалi ў 33 краiны свету, аднак пра практычную карысць, якую паездкi прынеслi галiне, казаць цяжка. Напрыклад,

начальнiк службы тэхнiчнай палiтыкi знаходзiўся напрыканцы мiнулага года тыдзень у Казахстане на пасяджэннi Савета па транспартнай палiтыцы, пасля чаго прадставiў справаздачу з двух радкоў машынапiснага тэксту.

Абуральнай назваў Старшыня Камiтэта дзяржкантролю Зянон ЛОМАЦЬ i практыку выдаткоўвання чыгункай сродкаў на будаўнiцтва жылля сваiм супрацоўнiкам. Добра, што чыгунка дае льготныя крэдыты на будаўнiцтва кватэр пад 3 працэнты. Гэта дае людзям больш магчымасцяў пабудаваць жыллё. Iншае пытанне, наколькi забяспечана вяртанне грошай пры звальненнi работнiкаў, i, увогуле, як гэта адлюструецца на фiнансавым становiшчы галiны. Але самае галоўнае, незразумела, чаму некаторым начальнiкам аказваецца пазыка ўвогуле беспрацэнтная, ды яшчэ i аплачваецца iнфраструктура.

Кiраўнiцтвам чыгункi ў 2006—2007 гадах ажыццёўлены не ўсе паказчыкi прагнозу сацыяльна‑эканамiчнага развiцця Рэспублiкi Беларусь. Летась з сямi паказчыкаў не выкананы тры, а з васьмi мэтавых паказчыкаў — два, у тым лiку па тэмпе росту платных паслуг i па тэмпе росту экспарту паслуг чыгуначнага транспарту.

— У цэлым па краiне праверана 70 арганiзацый i падраздзяленняў Беларускай чыгункi, — падвёў вынiк праведзенай дзяржкантролем работы Вiталiй Дзерах. — Парушэннi заканадаўства i недахопы знойдзены практычна ўсюды. Агульны памер штрафаў склаў 875,4 млн рублёў. Пастаўлена на бухгалтарскi ўлiк гандлёва‑матэрыяльных каштоўнасцяў на суму 2,2 млрд рублёў, дадаткова заплачана падаткаў у памеры 1,18 млрд рублёў.

Парушэннi абумоўлены, у тым лiку, недастаткова эфектыўным кантролем з боку Мiнiстэрства транспарту i камунiкацый. Неэфектыўна працуе таксама ведамасны кантроль.

— Невыкананне прагнозных паказчыкаў, няздольнасць выправiць сiтуацыю са зносам асноўных сродкаў сведчаць пра глыбiнныя хiбы ў рабоце галiны, дзе знешне ўсё можа выглядаць больш‑менш добра, — сказаў напрыканцы калегii мiнiстр транспарту i камунiкацый Уладзiмiр Сасноўскi. — Мы ўдзячныя Камiтэту дзяржкантролю, якi дапамог выявiць гэтыя хiбы. Цяпер у Савет Мiнiстраў унесены прапановы па рэфармаваннi Беларускай чыгункi. Магчыма, гэта, а таксама глыбокi аналiз дзейнасцi кiраўнiцтва аб’яднання, дазволяць своечасова выправiць сiтуацыю i пазбегнуць разбазарвання сродкаў у далейшым.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?