20 ліпеня 2016 года быў забіты выбітны журналіст-беларус Павел Шарамет.
Дыстанцыйна кіраваная бомба была закладзеная пад днішчам аўтамабіля сяброўкі Паўла Шарамета, уласніцы папулярнага партала «Украінская праўда» Алены Прытула. У машыне быў адзін Павел. Забойцы прывялі бомбу ў дзеянне праз некалькі хвілін пасля таго як ён выехаў. Выбух адбыўся на скрыжаванні каля дома, дзе жылі Прытула і Шарамет. Побач не было людзей: загінуў толькі Шарамет.
Гэта была добра спланаваная, выкананая прафесійнымі забойцамі атака на журналіста, які працаваў адначасова на тры краіны — Украіну, Беларусь і Расію. Прычым Шарамет цесна кантактаваў з уплывовымі людзьмі ва ўсіх трох гэтых краінах.
За год следства так і не знайшло забойцаў. Няма і падазраваных. Мясцовыя, украінскія журналісты таксама не здолелі расследаваць злачынства. А беларускім журналістам па азначэнні цяжэй, амаль немагчыма разабрацца ў падзеях, што адбыліся на «чужой тэрыторыі».
Гібель Шарамета рызыкуе застацца адной са страшных таямніц у тым ліку і беларускай гісторыі.