Візіт прэм'ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху ў Будапешт прайшоў на фоне атакі кіраўніцтва Венгрыі на Фонд Сораса.

Сорас — мільярдэр-філантроп, які нарадзіўся ў Венгрыі і тамсама цудам уратаваўся ад халакосту, таму гэтая краіна мела асаблівае значэнне для яго. Так, менавіта ў Будапешце ён заснаваў адну са сваіх флагманскіх устаноў — Цэнтральнаеўрапейскі ўніверсітэт.

Калі правы ўрад прэм'ер-міністра Венгрыі Віктара Орбана ўзяў паварот на «неліберальную дэмакратыю», супраць гэтага выступілі ў тым ліку інстытуцыі, фінансаваныя Сорасам і звязаныя з леваліберальнай апазіцыяй. Жорсткі Орбан у адказ пачаў кампанію супраць Сораса і сорасаўцаў.

Дайшло да таго, што ў ліпені на вуліцах Будапешта ўрад развесіў білборды з выявай Сораса і надпісам «Не дай яму смяяцца апошнім». У гэтым многія пабачылі антысеміцкі падтэкст. Балючая тэма для мадзяраў: амаль усе габрэі краіны згінулі ў канцлагерах у самым канцы вайны, пасля таго як у сакавіку 1944 года ў краіну ўвайшлі нямецкія войскі.

Пасля пратэстаў габрэйскай грамады білборды знялі. Гэта ніяк не паўплывала на візіт у Будапешт прэм'ер-міністра Ізраіля Беньяміна Нетаньяху. Ён адбыўся 18 ліпеня.

Рэч у тым, што ў Нетаньяху з Сорасам свае рахункі. Сорасаўскія інстытуты фінансуюць у Ізраілі антываенныя арганізацыі, ліберальныя НДА і цэнтры абароны правоў палесцінцаў. Вось і ўзнік альянс правага Орбана і правага Нетаньяху.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?