Нярэдка ў сталічных медыцынскіх установах можна заўважыць не толькі аптэку, але і невялікі кіёск ад якой-небудзь праваслаўнай царквы. «Наша Ніва» вырашыла пацікавіцца, на якой падставе працуюць царкоўныя лаўкі ў бальніцах і паліклініках.

Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

Аказваецца, праца царкоўных лавак у медыцынскіх установах рэгулюецца непасрэдна цэрквамі.

Ва ўсякім выпадку, у сінаідальным інфармацыйным аддзеле БПЦ не змаглі патлумачыць, як працуюць лаўкі, і парэкамендавалі звяртацца да настаяцеля царквы, якой яны належыць.

Навошта яны патрэбныя ў паліклініках?

«[Там яны] з той жа самай прычыны, з якой яны працуюць і ў астатніх месцах. З мэтай штосьці прадаць, штосьці набыць, з мэтай таксама дапамогі ў духоўных пытаннях… А з якой мэтай існуюць крамы? З такой мэтай існуюць і гэтыя лаўкі.

Праводзіцца збор ахвяраванняў, распаўсюджванне адпаведнай літаратуры духоўнага зместу, іконкі, малітоўнікі і гэтак далей…» — паведаміў «Нашай Ніве» протаіерэй Сяргей Лепін, старшыня сінаідальнага інфармацыйнага аддзела БПЦ.

Кожная царква звычайна зарэгістраваная як рэлігійная арганізацыя, то бок як юрыдычная асоба. Звычайна настаяцель лічыцца дырэктарам. Непасрэдна ён рэдка займаецца гаспадарчымі справамі. Як правіла, лаўкі і іх дзейнасць кантралююцца намеснікам дырэктара — гэта можа быць як супрацоўнік царквы, так і проста нанятая асоба.

Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

Царкоўныя лаўкі фактычна вядуць гандаль, які, аднак, афіцыйна гандлем не лічыцца. У такіх крамах закон дазваляе не мець касавых апаратаў і не выдаваць чэкі — бо лічыцца, што лаўкі мяняюць свае тавары на ахвяраванні. Праўда, згодна з заканадаўствам, пры гандлі таварамі з каштоўных металаў (напрыклад, залатымі ці срэбранымі крыжыкамі) квіток выдаваць абавязаны, але на справе гэтага амаль ніхто не робіць. Таксама ў царкоўных лаўках звычайна адсутнічаюць кнігі заўваг і прапановаў (хоць кніга і павінна быць абавязкова).

У храмах на тэму, звязаную з гандлем, рэагуюць, як правіла, вельмі балюча.

У мінскім храме Богаз’яўлення, які знаходзіцца ў Лошыцы, адна з лавак знаходзіцца ў паліклініцы №11. Аднак намесніца дырэктара (настаяцеля храма) катэгарычна адмовілася расказваць падрабязнасці працы.

«Гэта інфармацыя канфідэнцыяльная, як інфармацыя прадпрыемства, — сказала намесніца дырэктара Галіна (сваё прозвішча жанчына называць адмовілася). — Бізнэсу ў нас няма, мы рэлігійная арганізацыя. У нас усё па законе».

Але ў Свята-Елісавецінскім жаночым манастыры адказалі на пытанні. Манастыр таксама мае некалькі крамаў у медыцынскіх установах. Кіёскі знаходзяцца там не бясплатна — бальніцы ці паліклініцы сплачваецца арэнда, кажуць у манастыры. Кожны храм дамаўляецца сам. Дзесьці не хочуць размяшчаць царкоўную лаўку, дзесьці — проста няма для яе месца.

  Ілюстратыўнае фота

Ілюстратыўнае фота

Асартымент ва ўсіх лаўках усіх храмаў прыкладна аднолькавы — існуе спіс прадметаў, якія можа прапаноўваць рэлігійная арганізацыя. У прынцыпе, храм можа сам шукаць пастаўшчыкоў тавараў, хоць заказваць іх з Aliexpress. У Свята-Елісавецінскім манастыры амаль усе тавары вырабляюць самі. Але пра тое, як фарміруюцца цэны, усё ж не гавораць.

«У нас цэнаў няма, ёсць ахвяраванні», — настойваюць у манастыры.

Працуюць прадаўцамі ў лаўках розныя людзі. Хтосьці атрымлівае заробак, хтосьці не, працуе за ідэю. Памеры заробкаў таксама не агучваюцца: «Усё адбываецца ў межах заканадаўства».

Цікава, што кнігі, якія прадаюць у царкоўных лаўках, пільна адсочваюцца. Хутчэй за ўсё, паўплывала на гэта гісторыя, калі ў 2014 годзе ў кніжнай лаўцы Петра-Паўлаўскага сабора на Нямізе ў Мінску прадавалі кнігу «Игорь Стрелков — ужас бандеровской хунты. Оборона Донбасса».

У Мінскай епархіі сёння нават існуе адмысловая камісія, якая кантралюе царкоўную літаратуру, аўдыя- і відэапрадукцыю.

«Мы кантралюем, каб не было недарэчнай літаратуры: экстрэмісцкай, шавінісцкай, далёкай ад догмаў. Тут такі прынцып — лепей быць галодным, чым атручаным. Каб не было кніг, якія шкодзяць нашым нацыянальным інтарэсам, якія прапагандуюць ідэі «рускага свету». Нам «рускі свет» не патрэбен, у нас свой, беларускі свет, — распавёў «Нашай Ніве» айцец Віталь, сябра камісіі. — Камісія існуе гады тры. Мы правяраем асартымент, робім заўвагі, калі ёсць нагода».

На кнігах, якімі гандлююць у царкоўных лаўках, павінен быць грыф, што яны дазволеныя Выдавецкай радай — арганізацыяй БПЦ, якая правярае кожную кнігу і дазваляе ці забараняе яе друк і продаж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?