Экскурсійныя аўтобусы ў Мінску прапануюць аўдыяэкскурсіі на мовах краін-суседак — Літвы, Латвіі, Польшчы і Украіны, паведаміла БелТА дырэктар інфармацыйна-турысцкага цэнтра «Мінск» Алена Пліс.
Рыхтуюцца інфармацыйныя матэрыялы, чакаецца, што іх прэзентацыя адбудзецца ў час святкавання 950-годдзя горада. Пакуль гасцям сталіцы даступныя аўдыягіды на 8 мовах — беларускай, рускай, англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, італьянскай і кітайскай.
Турысты могуць выбраць некалькі варыянтаў аглядных экскурсій па горадзе. Так, праект Minsk City Tour — гэта два адрэстаўраваныя даблдэкеры ярка-чырвонага колеру маркі МАN (кабрыялет і са стандартным выкананнем даху) умяшчальнасцю да 79 месцаў, абсталяваныя аўдыягідамі. Яны адпраўляюцца ад чыгуначнага вакзала чатыры разы на дзень і знаёмяць з двума асноўнымі сталічнымі праспектамі — Незалежнасці і Пераможцаў.