Нядаўна з'явілася інфармацыя, што тэрыторыю былога тралейбуснага дэпо гатовыя прадаць на аўкцыёне. Разам з ім на аўкцыён выстаўленая галерэя і бар «Ў». TUT.BY даведаўся, што будзе з барам і галерэяй, калі будынка ўсё-такі не стане.

Сузаснавальнік і арт-дырэктар галерэі «Ў» Ганна Чыстасердава распавядае, што не была здзіўленая навінам пра магчымы знос: некалькі гадоў таму яна ўжо чула нешта падобнае.

— Калі мы толькі пачыналі рамонт, да нас прыходзілі і казалі: «Праз паўгода мы вас скінем». Але вось восем гадоў мы прапрацавалі. Пакуль не абвешчаная дата аўкцыёну, гаварыць аб нечым канкрэтным складана.

На галоўнае пытанне для культурнага жыцця сталіцы: «Ці захаваецца галерэя?» Ганна адказвае адназначна.

— Дакладна не будзем апускаць рукі і крычаць: «Калі не ў гэтым месцы, то не будзем працаваць нідзе». Мы не будзем адыходзіць ад канцэпцыі, але, калі здарыцца так, што будзем вымушаныя пераехаць, то хацелася б знайсці залу паболей — каб можна было паралельна паказваць некалькі праектаў. Проста пошук новага месца — сур'ёзнае пытанне. Але, запэўніваю, мы ні пры якіх умовах не збіраемся спыняцца і спыняць дзейнасць: у нас запланавана шмат праектаў як на гэты, так і на наступны год.

Калі менавіта пройдуць таргі, у цэнтры нерухомасці сказаць не могуць — дата яшчэ не прызначаная.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0