Дэбаты паміж расійскім палітыкам Аляксеем Навальным і экс-міністрам абароны «ДНР» Ігарам Стралковым загадзя былі падзеленыя на тры раунды: барацьба з карупцыяй, адносіны з Захадам і падзеі на Данбасе. Варта заўважыць, што на некаторыя тэмы Стралкоў адказваць адмаўляўся, спасылаючыся то на «гонар афіцэра», то на нежаданне размаўляць. 

На працягу размовы, натуральна, была закранутая тэма «ўз'яднання рускага народу», дзе ўзгадалі і Беларусь. Вось урывак з дыскусіі:

Навальны: Рускія — гэта найбуйнейшы падзелены народ у Еўропе. Але калі вы кажаце, што бальшавікі «па-жывому» нарысавалі межы, то вы прапануеце мне дзеля нейкай эфемернай барацьбы з Захадам пачаць вайну з Казахстанам?

Стралкоў: Гэта значыць, вы прызнаяце дзейсныя межы Расіі, прарысаваныя менавіта бальшавікамі?

Навальны: Я знаходжуся ў 2017 годзе. У Расійскай Федэрацыі ёсць межы, і я іх прызнаю.

Вядучы: Я пастараюся сфармуляваць агульнае пытанне ад гледачоў [гледачы маглі дасылаць пытанні праз Твітар — НН]. Як магчыма аднавіць Расію ў ранейшых межах і вярнуць манархічны лад?

С: Аднаўленне самадзяржаўя ў тым выглядзе, у якім яно было ў 1917, немагчыма, хоць бы таму, што цар з'яўляўся постаццю сакральнай. Аднавіць Расію ў ранейшых межах таксама немагчыма, калі казаць пра Фінляндыю і Польшчу. Аднак неабходна аднавіць натуральныя межы пражывання вялікага рускага народа, які складаецца з трох частак: вялікаросаў, маларосаў (або ўкраінцаў — усё роўна) і беларусаў.

Н: Ці павінны мы заўтра пачаць ваенную аперацыю супраць Казахстана, каб адабраць паўночны Казахстан, дзе жывуць рускія людзі?

С: Гэта дэмагагічнае пытанне. (…) Мы павінны да гэтага імкнуцца.

Н: То бок заўтра пачынаць ваенную аперацыю супраць Беларусі не трэба?

С: Ну гэта я вас пытаю, вы ж збіраецеся стаць прэзідэнтам. Пазначце сваю пазіцыю.

Н: Я выступаю за тое, каб грамадзянам Расіі даць магчымасць нармальна пажыць, каб яны багацелі і нармальна развіваліся, каб у Расіі не было гэтага жаху і кашмару, калі прыходзіш у бальніцу ў Маскоўскай вобласці, і там правальваюцца столі. Я лічу, што дзеля гэтых хімераў тыпу «давайце мы адновім» і гэтак далей мы не можам ахвяраваць дабрабытам народу.

С: Вы ўпэўненыя, што гэта магчыма будзе зрабіць, не аднавіўшы эканамічную цэласнасць былой краіны?

Н: Я ўпэўнены, што гэта магчыма зрабіць наўпрост цяпер. І ўжо праз тры гады Расія будзе жыць значна лепш. Грамадзяне Расіі будуць атрымліваць удвая большыя зарплаты дзякуючы нармальным рэформам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?