Масква закусіла цуглі. Мядзьведзеў прызнаў незалежнасьць Паўдзённай Асэтыі ды Абхазіі, выдатна разумеючы, што гэта — клінч з Захадам. Беларусь жа, дакладней яе кіраўніцтва, паводле нямецкага палітоляга Рара, апынулася ў шпагаце між двума патэнцыйнымі бакамі новай халоднай вайны. Ня самая зручная поза.

Расея працягвае «ўставаць з каленяў» так, як яна гэта разумее: зараз усім па пысе надаем! Каўкаская «вікторыя» ап'яніла. Ужо і супрацу з НАТО паслалі падалей, і Ўсясьветная гандлёвая арганізацыя па барабане. Галоўнае — паказаць «грызунам», «піндосам» ды іншым кузькаву маці.

І вось на гэтым фоне Брусэль ды Вашынгтон апынуліся перад беларускай дылемай. З аднаго боку, зразумела, што змушанае вызваленьне палітвязьняў толькі пры вялікай долі фантазіі можна падагнаць пад графу «Дэмакратызацыя». Сапраўднай дэмакратызацыі тутэйшая вярхоўка баіцца як чорт крыжа, бо зь любасьцю адбудаваная сыстэма «аднаго палітыка» рассыпецца ў друз як вокам міргнуць.

Зь іншага боку, калі ня даць беларускаму кіраўніцтву нейкай моркаўкі, то ўся адліга — кату пад хвост, а гэта толькі і патрэбна Расеі. Яна чакае моманту, калі Беларусь нарэшце можна будзе ўзяць голымі рукамі.

Між тым тытульная апазыцыя нэрвуецца, каб Захад яе ня «здаў», ладзячы прагматычныя стасункі зь цяперашнім рэжымам. Варта толькі камусьці зь летувіскіх, польскіх ці іншых эўрапейскіх палітыкаў закінуць тэзу пра болей гнуткі падыход, як зь лягеру змагароў-максымалістаў чуецца: ніякіх кампрамісаў з самі-ведаеце-якім рэжымам!

Наконт цудадзейнай перакоўкі рэжыму ілюзіяў, бадай, няма ні ў кога. Але, у рэшце рэштаў, ці не зашмат асобныя нашыя дэмакраты хочуць ад Захаду?

Наколькі карэктна патрабаваць ад заходнікаў, каб яны пераймаліся пытаньнем сьветлай дэмакратычнай будучыні Беларусі мацней, чым маса «тутэйшых»?

На думку менскага палітоляга Андрэя Фёдарава, можа скласьціся парадаксальная сытуацыя, калі дзеля ўратаваньня беларускай незалежнасьці Захаду давядзецца трохі прыплюшчыць вочы на асобныя хібы рэжыму і пайсьці на шчыльнейшую супрацу зь ім, не чакаючы з мора пагоды (то бок вялікага прагрэсу ў выкананьні сакрамэнтальных 12 умоў). Са слоў Фёдарава,

«Эўропа і Штаты разумеюць, што калі Масква паглыне Беларусь, а потым стане тачыць зубы і на Ўкраіну, то такой Расеі ўжо не дасі рады».

Палітоляг Дзяніс Мельянцоў зазначае: такога пахаладаньня ў адносінах Расеі з Захадам яшчэ не было. «Беларускі рэжым прызвычаіўся лавіраваць, — кажа ён, — але зараз, пры такой палярызацыі, даводзіцца жорстка выбіраць». Альтэрнатыва: або далучацца да заходняй супольнасьці і рабіць комплексныя рэформы, або далучацца да Расеі (ці, ва ўсякім разе, цалкам ператварацца ў марыянэтку). Іначай кажучы, Беларусь зараз у пункце біфуркацыі, і вынік прадказаць цяжка.

«Стратэгія Захаду мусіць палягаць у тым, каб выкарыстоўваць усе магчымасьці дзеля нарошчваньня сваёй прысутнасьці тут, узмацняць вагары ўплыву на беларускую сытуацыю. Апазыцыя ў пэўных выпадках ня мусіць занадта цягнуць коўдру на сябе, бо стаіць пытаньне пра выжываньне краіны. Калі трапім пад Расею, то гэта будзе калі не назаўжды, дык на гадоў 50-60 дакладна», — лічыць Дзяніс Мельянцоў.

Ну а пакуль што, як бачым, замест адзінага рубля Менску вырашылі накінуць адзіную сыстэму супрацьпаветранай абароны. А гэта, я вам скажу, страта ці ня большага кавалку сувэрэнітэту, чым як пры згодзе на расейскую валюту. Увогуле войскі СПА дзьвюх краін шчыльна ўзаемадзейнічалі і дасюль.

Фішка ж новай дамовы пра СПА ў тым, каб камандны пункт быў ў Расеі. То бок, калі што якое, іхні генэрал аддасьць загад мачыць імпэрыялістаў, не пытаючыся ў мясцовага правадыра.

Аналітык Валер Карбалевіч лічыць, што ніякай пэўнай замежнапалітычнай стратэгіі ў афіцыйнага Менску няма. «Беларускае кіраўніцтва проста вядзе азартную гульню, даючы безадказныя абяцаньні і Захаду, і Расеі. Але прадаць той самы товар двум пакупнікам ня ўдасца. Аднаго давядзецца «кінуць», — мяркуе экспэрт.

Зараз беларускае кіраўніцтва паспрабуюць «нахіліць», каб прызнала незалежнасьць двух мяцежных анкляваў. Дык ці доўга пашэнціць трымаць той шпагат?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?