Падчас таго, што здарылася, жанчына стаяла на кухні і смажыла бліны. Акно ў памяшканні было прыадчыненым, распавяла Тамара Дрозд.

«Разам са мной на кухні былі нявестка і ўнучка. Раптам у пакой праз акно ўляцеў маленькі жоўценькі шарык і зваліўся на падлогу наўпрост паміж імі. Пачуўся такі аглушальны звон, што ў мяне ўсё пахаладзела ўнутры».

Гук ад падзення, па словах пенсіянеркі, быў дзіўны, ні на што не падобны. А пасля падзення шарыка адразу ж знік.

«Я ў гэты час малітвы чытала. Можа, гэта дапамагло», - распавядае Тамара Дрозд.

Пасля знікнення шарыка нявестка Тамары Васільеўны разам з унучкай адразу ж выскачылі ў іншы пакой. А жанчына разгубілася і засталася стаяць адна на кухні, баючыся скрануцца з месца.

«Добра, што ніякіх слядоў ад маланкі на падлозе не засталося. Праўда, у суседнім пакоі выйшлі з ладу мадэм і тэлевізар. Але гэта адзіныя наступствы, і сёння муж павёз апаратуру ў рамонт».

Прыкладна пяць гадоў таму шаравая маланка ўжо залятала ў акно Тамары Дрозд. Аднак тады, успамінае жанчына, шарык заляцеў у пакой, а потым вылецеў назад.

«Гэтым разам шаравая маланка вырашыла нас напалохаць і разбіцца на кухні. Унук кажа, каб мы не хваляваліся, маўляў, гэта фізіка, але я да гэтага часу не ў сваёй талерцы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0