Заснавальнік знакамітага прафсаюза «Салідарнасць» і першы прэзідэнт посткамуністычнай Польшчы Лех Валенса далучыўся да пратэстаў супраць скандальнай судовай рэформы, піша Dw.de.

«У 1989 годзе мы далі вам дэмакратычную Польшчу. Вы павінны змагацца за яе — усімі магчымымі сродкамі», — заявіў ён у суботу, 22 ліпеня, на акцыі пратэсту ў Гданьску.

Валенса абвінаваціў правакансерватыўны ўрад у тым, што ён «прайграў» дэмакратычныя заваёвы змагароў супраць камуністычнага рэжыму. «Нашаму пакаленню ўдалося накіраваць Польшчу на правільную дарогу і дамагчыся падзелу ўладаў. Нельга дапусціць, каб зараз усё гэта было разбурана», — заявіў ён. У Гданьску, як і па ўсёй Польшчы, у суботу прайшоў мітынг супраць судовай рэформы.

У ноч на суботу польскі Сенат ухваліў закон аб рэарганізацыі Вярхоўнага суда галасамі 55 сенатараў пры 23 галасах супраць і двух тых, хто ўстрымаўся. Сойм ухваліў гэты закон 20 ліпеня.

Крытыкі бачаць у законе, які фактычна ставіць Вярхоўны суд пад кантроль ўрада і парламента, спробу падарваць прынцып падзелу ўладаў і замах на прававую дзяржаву. Закон уступіць у сілу, калі яго падпіша прэзідэнт Анджэй Дуда, на гэта ў яго ёсць 21 дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0