Некалькі дзён запар у Польшчы адбываюцца пратэсты супраць прынятай Соймам і Сенатам судовай рэформы. Змены ў заканадаўства даюць кіраўнічай партыі права прызначаць суддзяў. Апазіцыя і грамадзянская супольнасць бачаць у гэтым крок да аўтарытарызму, падрыў падзелу ўладаў.
Раней суддзяў абіраў сам судзейскі корпус.
Акцыі ў розных гарадах атрымалі назву «Ланцуг святла».
На фота: пратэсты ў Познані.
Фота Gazeta.pl.
Петыцыі супраць зменаў у заканадаўстве падпісалі рэктары найбольшых універсітэтаў, а таксама 300 вядомых інтэлектуалаў і дзеячаў мастацтва.
З крытыкай выступілі таксама кіраўнікі Еўрапейскага Саюза. Затое прэм'ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан падтрымаў урад «Закона і справядлівасці». Венгерскі ўрад таксама трымае курс на пабудову «неліберальнай дэмакратыі».
Пратэстоўцы ў Польшчы спадзяюцца пераканаць прэзідэнта Анджэя Дуду накласці вета на новы закон.