Урад Чэхіі не ўхваляе крытыку Еўрапейскай камісіі адносна невыканання квот па перасяленні мігрантаў з Грэцыі і Італіі. Пра гэта паведамляе «ЕўраПраўда» са спасылкай на Euractiv.

Прага сцвярджае, што схема, прызначаная для дапамогі Італіі і Грэцыі, не працуе і што Еўропа павінна засяродзіць свае намаганні на іншых мерах, накіраваных на пераадоленне міграцыйнага крызісу.

Гэты аргумент быў галоўным у чэшскім адказе на афіцыйнае паведамленне Камісіі, якое было адпраўленае ў сярэдзіне чэрвеня пасля таго, як ЕК пачала працэдуры супраць Чэхіі, Венгрыі і Польшчы.

«Наш адказ грунтуецца на тых жа аргументах, якія мы выкарыстоўвалі з самага пачатку — у схеме перасялення ёсць шмат тэхнічных недахопаў, якія не могуць быць вырашаныя без прасоўвання іншых ініцыятыў», — заявіў дзяржаўны сакратар Чэхіі па справах ЕС Алеш Шмеларж.

«Механізм не можа эфектыўна вырашаць крызіс, і гэта стварае дадатковыя праблемы бяспекі і непрапарцыйнае размеркаванне рызык, тады як мы не кантралюем агульны аб'ём рызык і выдаткаў», — дадаў ён.

Міністр унутраных спраў Чэхіі Мілан Хованец заяўляе, што ў Італіі і Грэцыі на дадзены момант няма бежанцаў, якія адпавядаюць умовам для перасялення па схеме ЕС.

Ён таксама адзначыў, што ўрад быў гатовы забраць з Грэцыі 30 чалавек і 20 чалавек з Італіі. Прага праінфармавала Афіны і Рым аб гэтым намеры двойчы ў першай палове 2016 года, дадаў міністр.

Па словах Хованца, Італія першапачаткова не дала неабходных дакументаў і наогул не рэагавала на другую прапанову.

Па словах чэшскага ўрада, ЕС павінен узяць пад кантроль свае межы і колькасць імігрантаў, перш чым можа быць увасобленая любая эфектыўная сістэма перасялення.

«Толькі тады мы зможам вырашаць сітуацыю людзей, якія ўжо прыбылі ў ЕС — шляхам інтэграцыі тых, хто мае права на атрыманне прытулку, і вяртанне тых, у каго яго няма», — адзначыў Шмеларж.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?