На кортах Нью‑Ёрку працягваецца Адкрыты чэмпіянат ЗША па тэнісе (чацьверты этап Вялікага Шлему»).

Беларуска Вольга Гаварцова пасьпяхова прайшла першы круг, абыграўшы ў двух сэтах чэшку Сандру Заглававу — 6:3, 6:1.

У наступным крузе беларуска пазмагаецца зь японкай Аі Сугіямай. Вольга, між іншым, мае 48‑ю пазыцыю ў сусьветным рэйтынгу, Сугіяма — 30‑я.

Сёньня ж у матчы другога кругу Вікторыя Азаранка памераецца сіламі зь яшчэ адной прадстаўнічкай Чэхіі — Івэтай Бенешовай. Пройдуць таксама матчы і жаночых пар.

***

«Барсэлёна», за якую выступае паўабаронца зборнай Беларусі, Аляксандар Глеб без праблем прайшла ў групавы турнір Лігі чэмпіёнаў.

У аўторак у Кракаве яна, што праўда, саступіла тамтэйшай «Вісьле» — 0:1. Глеб выйшаў на замену на 66‑й хвіліне. Але два тыдні таму на сваім полі «Барса» парвала палякаў як Тузік венік — 4:0.

***

Такім чынам каталёнскі клюб пры лёсаваньні трапляе ў першы кошык. а гэта азначае, што ня трапіць у адну групу з «Манчэстарам Юнайтэд», «Чэлсі», «Лівэрпулем», «Арсэналам», «Інтэрам», ліёнскім «Алімпікам» і нават сваім заклятым ворагам — мадрыдзкім «Рэалам». Затое можа трапіць у адну групу з барысаўскім БАТЭ, калі тое праб'ецца далей.

Выйшлі таксама ў групавы турнір ЛЧ грэцкі «Панатінаікас» і італьянскі «Ювэнтус».

***

Асноўная частка матчаў 3‑га раўнду Лігі чэмпіёнаў пройдзе сёньня.

БАТЭ, як вядома, згуляе з «Леўскі».

Цікавы матч пройдзе ў Заграбе, дзе данецкі «Шахцёр» паспрабуе не прайграць, ці прайграць мінімальна, тамтэйшаму «Дынама». У першым матчы аранжавыя выйгралі 2:0.

У Кіеве пройдзе матч між мясцовым «Дынама» і маскоўскім «Спартаком». У Маскве два тыдні таму кіяўляне паслалі «чырвона‑белых» у накдаўн, выйграўшы 4:1.

***

Форвард Раман Паўлючэнка, які атрымаў мянушку «сьпячы гігант», пераходзіць з маскоўскага «Спартака» ў лонданскі «Тотэнхэм». Гэта самы дарагі экспарт расейскага футбаліста. Паводле розных крыніц, сума трансфэра Паўлчэнкі склала ад 14,5 да 18 млн эўра.

***

А спартовая рэдакцыя Белтэлерадыёкампаніі заявіла, што зьбіраецца паказаць усе матчы менскага хакейнага «Дынама», якое яно правядзе ў КХЛ — лізе, с творанай на постсавецкай прасторы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?