Праца экспазіцыі «Сімвалы савецкай эпохі», адкрытай у Гістарычным музеі ў Мінску, прыпала на вельмі благі для сімвалаў савецкай эпохі час.

Год таму ў Вільні прыбралі апошнія савецкія напаміны, якія заставаліся ў горадзе — легендарныя скульптуры на Зялёным мосце.

Раней, падчас першых рэйдаў па савецкае, роставыя фігуры працоўных, жаўнераў, сялян і студэнтаў было вырашана захаваць праз унікальнасць гэтай архітэктурнай формы — мост са скульптурамі — для Літвы. Але ў 2014—2015 дыскусія пра іх лёс аднавілася, што праўда, у кантэксце іх дрэннага стану і патрэбнай рэстаўрацыі. Цікава, што храналагічна гэта супала з уз’яднаннем Крыма з Расіяй.

Тыдзень таму прэзідэнт Польшчы падпісаў закон аб зносе камуністычных помнікаў, і беларускі парламент з гэтай нагоды прыняў вельмі дзівацкую заяву, у якой ускосна прыраўняў барацьбу з камуністычнымі помнікамі да апаганьвання памяці тых, хто змагаўся з фашызмам. Пачытайце, дакумент цікавы — з яго можа вынікаць, што барацьба з колішняй камуністычнай прапагандай фактычна з’яўляецца спробай «адраджэння фашызму».

І вось на такім напружаным фоне ў Гістарычным музеі акрываецца выстава, якая разбіраецца з савецкай візуальнасцю. Прычыну яе адкрыцця зразумець проста: гэта Беларусь, дзетка, сёлета 100-я ўгодкі «Вялікага Акцябра», а Гістарычны абраны таму, што «гэта ж частка нашай гісторыі». Паўтаруся, да кантэксту ў мяне пытанняў няма, я хацеў бы проста адзначыць, як выдатна быў знойдзены выхад з сітуацыі.

Выстава размешчаная ў адной зале на другім паверсе і больш за ўсё нагадвае чырвоны куточак у школе. Тут сабранае ўсё, што папалася пад руку: скарбонкі з выявай Сталіна і саламяным гербам БССР, радыёла «Тэлефункен» вытворчасці ГДР, тэлевізійны прымач (стары), бабінны магнітафон (адносна новы), радыё (такія яшчэ прадаюцца на развалах на «Жданах»), калонкі, кіцель, партрэт Леніна.

Экспазіцыя была сфармаваная Гістарычным музеем у супрацы з Нацыянальным мастацкім музеем і Музеем-майстэрняй З. Азгура, але адсутнасць выразнай канцэпцыі стварае адчуванне хаосу. Калі б усе, спрычыненыя да выставы, прыцягнулі з паддашкаў усё, што ў іх захавалася савецкага, атрымаўся б прыкладна такі ж цудоўны вынік.

Сваёй адвольнасцю гэта нагадала мне праект кіроўцы «Моднага прыгавору» Аляксандра Васільева, які зладзіў у Віленскім арсенале шырачэзную выставу старадаўніх жаночых сукенак. І вось нібыта «ні аб чым», але дзе ж ты яшчэ ўбачыш выраблены з перламутру блакноцік, у якім барочныя лэдзі запісвалі чаргу на танец на балах.

Тут ёсць ровар «Аіст» таго кшталту, на якім я вучыўся катацца ў дзяцінстве, тут ёсць матацыкл «Мінск». Пра апошні, як і пра частку іншых экспанатаў, цяжка сказаць, ці то яны архіўныя, ці то дагэтуль выпускаюцца беларускімі фабрыкамі. Але гэта частка нашых складаных адносін з савецкім. Так, на сайце гадзіннікавага завода «Луч» проста цяпер можна пабачыць калекцыю твораў з беларускімі арнаментамі, але агульнае адчуванне, што глядзіш на нешта з тых часоў, захоўваецца.

У прынцыпе, адсюль выбягае першы ўзровень дзіўнага адчування, якое ахіне на выставе любога беларуса. Ты выходзіш з адной выставы БССР — сучаснай Беларусі — і трапляеш на другую выставу БССР. Я напрыклад адчуў вялікую ўдзячнасць да экспазіцыі «Сімвалы савецкай эпохі» за тое, што яна адасоблівае хаця б частку ўзроўняў нашай побытавай савецкасці ды музеефікуе іх. Узнікае думка: савецкае — гэта нешта старое, неактуальнае. З архіву. Дык якой халеры яго так шмат на вуліцах? Ці не час змясціць шыльдачкі вуліц Дзяржынскага, Кірава, Апанскага ў музей?

Выстава вельмі лаканічна эксплікаваная. Адзіная праява ўдумлівай куратарскай працы — стылізаваная пад газету «Праўда» аб’ява з канцэпцыяй. Але пасля прачытання канцэпцыі застаецца болей пытанняў, чым адказаў. Калі задача была распавесці пра сімволіку, дык ці не болей часу трэба было аддаць легітымацыі абраных сімвалаў у якасці іканічных? Няўжо сапраўды беларуская савецкая візуальнасць вычэрпваецца веласіпедам «Аіст», матацыклам «Мінск», некалькімі дрэнна выдрукаванымі плакатамі (не арыгіналамі!) кшталту тых, што ў Кіеве на Андрэеўскім спуску можна набыць за тры даляры за дзесяць штук? І лажаментам крэсла касманаўта Пятра Клімука і скафандрам «Сокал»? Няўжо патрэбная была тая жаночая сукенка і жаночая сумачка (зноў жа, без усялякіх тлумачэнняў, да чаго яны)?

Але вось ты выходзіш з савецкай экспазіцыі і трапляеш у суседнюю залу. Па тым самым квітку — гэта прынцыпова. Бо, аддаўшы 5 рублёў за выставу, якая цябе не задаволіла, абавязкова пойдзеш швэндацца па музеі. І тут бачыш красамоўна эксплікаваныя партрэты беларускіх гістарычных дзеячаў і магнатаў часоў ВКЛ, фаліянты, вокладкі для якіх рабілі замежныя майстры на замову Сапегаў (аб чым сведчыць адціснуты на франтоне герб). Бачыш дасканалую зброю часоў Рэчы Паспалітай. Бачыш вытанчаны посуд нашых колішніх арыстакратаў.

І да цябе даходзіць сэнс выказвання ў межах «Сімвалаў савецкай эпохі» і яго прыхаваная іронія.

Вось савецкае. Якое ўсе мы памятаем настолькі добра, што яго нават не трэба асобна тлумачыць. І вось дасавецкае. У якое вы ў Гістарычным паглыбіцеся пасля савецкага. Вось Ленін. І вось Радзівілы. Супастаўляйце. Вырашайце самі, кім ганарыцца. Машэравым, ці Вітаўтам.

І апошняе. Я баюся, тыя працэсы, якія пачаліся з памяццю пра савецкае ў Еўропе, незваротныя. Колькі б мы ні трымаліся за нашы чырвоныя гадавіны, гэта ўсё непазбежна пройдзе. Гэта ўжо сыходзіць. Не праз жаданне замаўчаць гераічны подзвіг савецкага народа падчас Другой сусветнай. А праз тое, што час рушыць наперад. Мы ў свеце, у якім да халеры новых выклікаў і пагроз. І адказваць на іх трэба, ведаючы мінуўшчыну, але пераадолеўшы гіпноз жыцця ў ёй.

Беларусам жа прынцыпова ведаць усю мінуўшчыну, а не толькі яе крайнія 100 гадоў.

Фота: histmuseum.by

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?