Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна Дзмітрый Пяскоў заявіў, што пастаўкі Вашынгтонам зброі Украіне могуць прывесці да абвастрэння канфлікту на паўднёвым усходзе краіны.

Напярэдадні спецыяльны прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША па вырашэнні канфлікту ва Украіне Курт Волкер сказаў, што Вашынгтон разглядае магчымасць паставак украінскай арміі, у прыватнасці, супрацьтанкавай зброі.

«Мы ўжо неаднаразова казалі, што любыя дзеянні, якія будуць правакаваць напружанасць на падзяляльнай лініі і ў цэлым правакаваць сітуацыю, і без таго няпростую, яны будуць нас толькі падаляць ад моманту ўрэгулявання гэтага ўнутрыўкраінскага пытання», — сказаў Пяскоў у адказ на пытанне ВВС.

Напярэдадні Курт Волкер, у ліпені прызначаны на пасаду спецпрадстаўніка ЗША па сітуацыі ва Украіне, сказаў, што ў Вашынгтоне актыўна абмяркоўваюць магчымасць пастаўкі ўзбраенняў украінскім вайскоўцам, дадаўшы, што не лічыць падобныя меры правакацыйнымі.

«Ахоўныя ўзбраенні — такія, якія дазволяць Украіне абараняцца і, напрыклад, выводзіць з ладу танкі, на самай справе дапамогуць змяніць планы Расіі», — заявіў Волкнер.

«Я не раблю прагнозаў адносна нашых намераў. Гэта прадмет далейшага абмеркавання, рашэнні не прынятыя, але я думаю, што довады аб тым, што гэта можа справакаваць Расію ці абнадзеіць украінскі бок, выварочваюць усю сітуацыю навыварат», — дадаў прадстаўнік ЗША.

21 ліпеня Дзярждэпартамэнт ЗША паведаміў, што Волкер адправіўся на ўсход Украіны для сустрэчы з пацярпелымі ад расійскай агрэсіі і абмеркавання важнасці забеспячэння бяспекі для ўсіх украінцаў.

23 чэрвеня Волкер наведаў некалькі населеных пунктаў у ахопленых вайной рэгіёнах Украіны. Прадстаўнік дзярждэпартамента даў прэс-канферэнцыю ў Краматорску і разам з паслом ЗША ва Украіне Мары Яванавіч наведаў вёску Аўдзееўка.

«Гэта не замарожаны канфлікт, гэта гарачая вайна. Гэта крызіс, які патрабуе неадкладнай увагі, які неабходна вырашыць як мага хутчэй», — пракаментаваў Волкер тое, што адбываецца ў зоне канфлікту на прэс-канферэнцыі ў Краматорску ў суботу.

У нядзелю кіраўнік украінскага генштаба Віктар Мужэнка заявіў, што Расія перакінула да мяжы з Украінай дывізіі, «прызначаныя для вядзення хуткіх наступальных дзеянняў». Акрамя таго, Расія працягвае ўзмацняць групоўку ў Паўдневай ваеннай акрузе са сталіцай у Растове-на-Доне.

У пачатку ліпеня газета «Коммерсант» паведаміла, што ў кіруючы склад 8-й агульнавайсковай арміі Паўднёвай вайсковай акругі былі прызначаныя афіцэры, якія раней абвінавачваліся украінскімі спецслужбамі ва ўдзеле ў баях на паўднёвым усходзе Украіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?