Калісьці, яшчэ да прыходу людзей, Новая Зеландыя была сапраўдным птушыным царствам: на астравах цалкам адсутнічалі дзе-якія жывёлы, акрамя птушак, адзіным сапраўдным ворагам для якіх быў велізарны арол. Сярод усіх гэтых птушак адна прадстаўляла найбольшую цікаўнасць. Яе рост дасягаў трох з паловай метраў, яна не мела крылаў і перасоўвалася на магутных і доўгіх нагах. І звалі гэтую птушку моа.

Росквіт і знішчэнне моа

Навукоўцы лічаць, што птушкі згубілі свае крылы з-за таго, што знікла неабходнасць у іх выкарыстанні. Некалі іх галоўнымі ворагамі былі дыназаўры. Але гіганцкія яшчары вымерлі, а разам з тым у моа знікла неабходнасць хутка перасоўвацца, каб уратаваць сваё жыццё.

Моа сталі хадзіць пешшу, дзякуючы чаму і мелі такія магутныя ногі. У штодзённы рацыён птушак уваходзіла лісце розных раслінаў, фрукты, карэнні. У атрад моападобных уваходзіла некалькі розных па памерах птушак. Але самыя вялікія з іх дасягалі вышыні 3,5 метра і вагі 250 кг!

Фотарэканструкцыя

Фотарэканструкцыя

Час ад вымірання дыназаўраў і да ІХ стагоддзя быў перыядам росквіту моа. Наступным жа пасля дыназаўраў ворагам гэтых птушак стаў чалавек. У ІХ стагоддзі на астравы Новае Зеландыі пачалі перасяляцца палінезійскія плямёны. Моа, якія, відавочна, былі лёгкадаступнай крыніцай смачнага мяса з-за адсутнасці магчымасці лётаць, сталі любімай здабычай маоры (так называюцца карэнныя жыхары Новае Зеландыі).

Птушкі былі знішчаныя даволі хутка. На думку некаторых навукоўцаў, яны цалкам зніклі ўжо ў XIV стагоддзі. Але паводле непацверджаных даных, некаторыя асобіны яшчэ сустракаліся нават у XIX стагоддзі.

Косткі, якія даюць магчымасць уявіць, як выглядалі моа

Раней знешні выгляд птушак моа мастакі малявалі, зыходзячы з апісанняў старажылаў маоры, якія перадавалі легенды пра моа з пакалення ў пакаленне. Але потым гэтая дзіўная птушка ўсё больш стала цікавіць навукоўцаў.

Першым даследчыкам моа стаў палеантолаг Рычард Оўэн. Менавіта ён даказаў, што гіганцкая костка, выяўленая ў Новай Зеландыі ў 1839 годзе, належыць птушцы, а не якой-небудзь іншай жывёле. Навуковец прысвяціў 45 гадоў свайго жыцця вывучэнню моа. На ягоную просьбу натураліст Уолтар Мэнтэл у перыяд з 1847 па 1850 гады сабраў каля тысячы костак гіганцкіх птушак і аскепкаў шкарлупіны іхніх яек.

Шкілет невялікай асобіны моа

Шкілет невялікай асобіны моа

Оўэн апісаў розныя віды моа і сабраў для музеяў некалькі шкілетаў гіганцкіх птушак. Цяпер уявіць, як насамрэч выглядалі птушкі моа, стала нашмат прасцей. А ў сярэдзіне XIX стагоддзя паблізу ад Кромвеля знайшлі самае вялікае яйка моа, даўжыня якога была роўная 30 см, а дыяметр — 20 см.

Усё цела птушкі было пакрытае карычневым з невялікай рабацінкай пер’ем. Галава была крыху пляскатая, дзюба загнутая ўніз.

Пошукі птушкі

Па сведчаннях некаторых відавочцаў, птушку можна было сустрэць і ў ХІХ, і нават напачатку ХХ стагоддзя.

Аднойчы паляўнічыя на цюленяў у раёне побач з пралівам Кука перапалохаліся ад выгляду велізарных птушак, што выбеглі на бераг з лесу. У 1860 годзе адбіткі лап велізарнай птушкі бачылі чыноўнікі, якія размяжоўвалі зямельныя ўчасткі. Птушыныя сляды вялі ў зараснікі паміж скаламі, у тым раёне было нямала вапнавых пячор. Магчыма, менавіта ў іх хаваліся апошнія моа.

У 1986 году экспедыцыя, усё больш паглыбляючыся ў сістэму пячор гары Оўэн ў Новай Зеландыі, натыкнулася на частку лапы буйной птушкі. Яна так добра захавалася, што здавалася, быццам яе ўладальнік памёр зусім нядаўна. Пазней высветлілася, што лапа гэтая належала менавіта моа.

Пошукі моа працягваюцца і ў нашыя дні. Аўстралійскі натураліст Рэкс Гілрой упэўнены, што жывыя моа насяляюць далёкія куты Паўночнага вострава Новай Зеландыі, прычым на тэрыторыі нацыянальнага запаведніка Урэвера. У 2001 годзе падчас наведвання запаведніка даследчыку ўдалося выявіць 35 даволі вялікіх адбіткаў птушыных слядоў.

Усё гэта дае нам маленечкую надзею на тое, што незвычайныя птушкі моа ўсё яшчэ існуюць, і прымушае задумацца пра адносіны чалавека і дзікае прыроды.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
1

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?