Беларуска-французскі канцэрт, прысвечаны 111-годдзю з дня нараджэння кампазітара Дзмітрыя Шастаковіча, 30 ліпеня пройдзе ў касцёле Святога Апостала Андрэя ў вёсцы Нарач Мядзельскага раёна, паведамілі арганізатары.

Традыцыя правядзення ў Мядзельскім раёне канцэртаў, прысвечаных Дзмітрыю Шастаковічу, была закладзена ў мінулым годзе, калі ў касцёле Найсвяцейшай Дзевы Марыі ў вёсцы Шэметава адбылося выступленне беларускіх музыкантаў, прысвечанае 110-годдзю з дня нараджэння кампазітара.

Шэметава невыпадкова было выбрана для канцэрта да юбілейнай даты Дзмітрыя Шастаковіча (1906—1975): менавіта тут жыў яго прадзед Пётр Шастаковіч (1808—1871). Калі першы раз на канцэрце ігралі музыканты Белдзяржакадэміі музыкі, то сёлета да іх далучыцца вядомы французскі габаіст Жэром Гішар, які прыедзе з Парыжа і будзе выступаць у канцэрце для габоя і струнных.

Беларуска-французскі музычны праект рэалізуецца на грамадскіх пачатках. Ініцыятарам і галоўным арганізатарам мерапрыемства стаў француз беларускага паходжання, еўрапейскі оперны спявак, прэзідэнт французскай асацыяцыі «Абмен: Францыя—Беларусь» Аркадзь Валадось, які з'яўляецца прыхільнікам творчасці Дзмітрыя Шастаковіча. Наш суайчыннік некалькі гадоў працаваў над ініцыятывай арганізацыі такога праекта, калі даведаўся, што карані прадзеда найвялікшага кампазітара XX стагоддзя — у Беларусі. Заслугі Аркадзя Валадося ў распаўсюджванні беларускай культуры за мяжой высока ацэнены — ён узнагароджаны медалём Францыска Скарыны. Яго сын — таксама Аркадзь Валадось — адзін з самых знакамітых і віртуозных піяністаў свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0