Як стала вядома «Нашай Ніве», 27 ліпеня на тэрыторыі ДЛГУ «Чырвонасельскае» (непадалёку ад таямнічай рэзідэнцыі Міхаіла Гуцэрыева) адбылося здарэнне — дайвер пенсійнага веку даваў нырца ў возеры Гайдукоўка і трапіў у сетку для рыбы.

Мужчыну выратаваў толькі досвед плыўца і нож на поясе, якім ён парэзаў частку сеткі і разам з ёй выплыў на бераг.

Мы знайшлі пацярпелага, той пацвердзіў факт здарэння і дадаў, што будзе праз вышэйшыя інстанцыі дамагацца тлумачэнняў, чаму на платных вадаёмах існуць неабазначаныя сеткі.

«Я быў на глыбіні недзе 6 метраў, усплываў ужо, выпускаючы паветра, і тут — метры тры было да паверхні — сетка. Ні буйкоў наверсе, нічога! Сетка без нумерацыі. Канечне, я спалохаўся. Але тая сетка ў мяне для доказу. Будзем разбірацца», — расказаў нам мужчына.

Па яго словах, ён ужо атрымаў выбачэнні ад супрацоўнікаў гаспадаркі.

«Але дырэктар ні слова не сказаў! Мяне гэта раз'юшыла. Магло ж так адбыцца, што вы б асвятлялі гэтую «навіну» без майго каментара — у выглядзе некралогу», — дадаў пенсіянер.

Дырэктар гаспадаркі Юрый Крыўцоў спачатку сказаў «Нашай Ніве», што такое здарэнне выключана, а пасля дадаў, што «будзе разбірацца».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?