Суд ЕС прыняў папярэдняе рашэнне аб прыпыненні высечкі дрэў у Белавежскай пушчы. Пра гэта Польскаму радыё паведамілі польскія дыпламаты ў Люксембургу.

Прэс-сакратар урада Польшчы Рафал Бахэнэк заявіў, што пакуль не бачыў прынятага Еўрапейскім судом дакумента, аднак, як толькі гэта адбудзецца, рэакцыя польскага боку не прымусіць сябе чакаць.

Рафал Бахэнэк таксама нагадаў, што крокі, прынятыя польскім урадам адносна Белавежскай пушчы, цалкам адпавядаюць закону.

«Меры, якія былі прынятыя намі ў Белавежскай пушчы, цалкам адпавядаюць не толькі польскаму, але і еўрапейскаму заканадаўству. Калі Суд Еўрапейскага саюза, тым не менш, прадставіць падобнае рашэнне, на што ў яго ёсць поўнае права, мы, пасля таго, як азнаёмімся з яго аргументамі, прадставім сваю пазіцыю ў дадзеным пытанні», — адзначыў ён.

Нагадаем, 13 ліпеня Еўрапейская камісія падала пазоў супраць Польшчы ў Суд Еўрапейскага Саюза ў сувязі з высечкай лесу ў Белавежскай пушчы. Еўракамісія таксама прасіла Суд ЕС запатрабаваць ад Польшчы неадкладнага спынення высечкі дрэў да завяршэння разгляду справы.

Еўрапейскія ўлады лічаць, што дзеянні Польшчы супярэчаць законам аб захаванні прыроды і пагражаюць бяспецы аб'екта, занесенага ў Спіс сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.

Скандал вакол высечкі Белавежскай пушчы працягваецца ў Польшчы ўжо некалькі месяцаў: улады сцвярджаюць, што дазволілі спілоўваць толькі сухастой і заражаныя жуком-караедам дрэвы. Эколагі пратэстуюць і патрабуюць даць рэліктаваму лесу самастойна справіцца з натуральнымі працэсамі абнаўлення масіва. Як паведамляла Дзяржаўнае лясніцтва Польшчы, з 2012 года, калі было заўважанае масавае з'яўленне ў Белавежскай пушчы жука-караеда, было высечана каля 157 тыс. заражаных дрэў. З пачатку бягучага года лесарубы ліквідавалі больш за 2,8 тыс. дрэў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?