«Сэксуальная рэвалюцыя ў БССР (1919—1929 гг.)» — новая кніга доктара гістарычных навук Аляксандра Гужалоўскага ўжо з’явілася ў продажы. Пра сэкс у часы маладой савецкай краіны, разбэшчанасць тагачасных беларусаў, прастытуцыю і геяў у войску Еўрарадыё гутарыць з аўтарам кнігі.

playcast.ru

playcast.ru

Еўрарадыё: З чаго наогул пачалася гэтая сэксуальная рэвалюцыя пры ўладзе бальшавікоў?

Аляксандр Гужалоўскі: Ужо першыя сацыялісты XIX стагоддзя інтуітыўна зразумелі, што сям’я і прыватная ўласнасць — галоўныя перашкоды для стварэння новага сацыялістычнага грамадства. Тое, што адбывалася ў тагачаснай Беларусі — гэта лагічны працяг гэтай думкі. Сацыялістам трэба было разламаць інстытут сям’і і на яго месцы пабудаваць нешта іншае.

Тэарэтыкі новага камуністычнага жыцця не мелі на ўвазе разбэшчанасць. Галоўны тэарэтык новых стасункаў паміж жанчынай і мужчынам — Аляксандра Калантай. Яна ўжывае такія тэрміны, як «эратычнае сяброўства», «паслядоўная змена партнёраў».

Еўрарадыё: Але на практыцы атрымалася крыху інакш…

Аляксандр Гужалоўскі: У аграрным грамадстве, дзе 90% былі неадукаванымі сялянамі з нізкім узроўнем культуры, рэалізацыя такіх ідэй вырадзілася ў разбэшчанасць. Адсотак абортаў дасягнуў 50% ад усіх цяжарнасцяў. Процьма беспрытульнікаў, бо шмат дзяцей было выкінута на вуліцу. Гэта ж была паслярэвалюцыйная галеча, адсутнасць сродкаў кантрацэпцыі. Неверагодна вырасла колькасць венерычных захворванняў. Прычым, напрыклад, мужчыны заражаліся не ад прастытутак, а проста ад знаёмых. То бок галоўнай крыніцай захворванняў сталі вольныя адносіны паміж людзьмі.

Еўрарадыё: Але прастытуткі былі?

Аляксандр Гужалоўскі: Закон не забараняў прастытуцыю, былі санкцыі за арганізацыю публічных дамоў і бардэляў. Прастытуцыя была вулічная, адпаведныя здымкі можна ўбачыць на старонках тагачаснай прэсы. Дарэчы, за «мужаложства» таксама не было ніякіх санкцый. Былі выпадкі гомасэксуалізму ў беларускай вайсковай акрузе. Людзей проста пераводзілі ў іншыя часткі.

Дактары мінскага венералагічнага дыспансера па выніках даследавання прастытутак, якія праходзілі лячэнне ў 1926 г., прапанавалі наступны сацыялагічны партрэт: яе ўзрост вагаўся ад 18 да 30 гадоў, але палавое жыццё пачыналася значна раней. 50% з апытаных ідэнтыфікавалі сябе як беларускі, 27,8 % — як яўрэйкі, 5,2 % — як полькі, 5,2% — як рускія, 11,8% — як прадстаўніцы іншых нацыянальнасцяў. Ва ўмовах жыллёвага крызісу месцам працы большасці мінскіх прастытутак з’яўлялася пераважна вуліца альбо парк, парадная, лесвіца. Падобныя ж умовы працы былі ў акруговых цэнтрах. Ёсць звесткі пра 446 бардэляў, раскрытых міліцыяй за адзін толькі 1927 год.

Адзін з першых фільмаў у БССР «Прастытутка»

Еўрарадыё: А як жанчыны выглядалі ў гэты час?

Аляксандр Гужалоўскі: У афіцыйным дыскурсе жанчына не павінна была адрознівацца ад мужчыны. Камсамольская форма была унісэкс. Але ў той жа час быў НЭП, з’явіўся такі вобраз савецкай барышні, якая апраналася па-іншаму, карысталася касметычкай.

Еўрарадыё: Як праходзіла вяселле ў тыя часы?

Аляксандр Гужалоўскі: Па-першае, адмянілі моц царкоўнага шлюбу. Распаўсюдзілася так званае «чырвонае вяселле». Вяселлі адбываліся на прадпрыемстве, там быў дырэктар, прафсаюзны бос, партыйны сакратар ячэйкі. Маладых віншавалі, а яны давалі клятву вернасці ідэям камунізму. Маглі зладзіць палітычныя чытанні.

У 1923 г. у краіне было зарэгістравана 2257 разводаў (1684 у вясковай мясцовасці, 573 у гарадах), у 1924 г. — 2576 разводаў (1849 у вясковай мясцовасці, 727 у гарадах), у 1925 г. - 5 193 разводаў (4090 у вясковай мясцовасці, 1103 у гарадах). Каля 25% разведзеных мужчын і 35% разведзеных жанчын былі ва ўзросце ад 20 да 24 гадоў. У 1927 г. у Мінску быў пастаўлены рэспубліканскі антырэкорд па працягласці шлюбу, які доўжыўся 16 дзён.

Еўрарадыё: Ці маглі пакараць за здраду і як разводзіліся?

Аляксандр Гужалоўскі: Для разводу дастаткова было аднаго прадстаўніка пары. Жонка магла прыйсці і сказаць, што яна месяц не бачыла мужа, што трэба разводзіцца. Іх разводзілі і пасля мужу па пошце накіроўвалі ліст з паведамленнем. Існаваў і грамадзянскі шлюб у сённяшнім разуменні. Толькі яго называлі тады фактычным шлюбам. У 1928 годзе такому шлюбу надалі юрыдычную моц у Кодэксе аб сям’і. А паняцця здрады наогул не было. У 1920-я гады такога слова б не зразумелі, гэта лічылі буржуазным перажыткам. Такі падыход да жыцця быў уласцівы не толькі апантаным лідарам камунізму. Гэта пайшло на ўзровень мястэчак і вёсак. Калі камсамолка адмаўляе камсамольцу, то яна «лье ваду на млын старых буржуазных адносінаў». Таму ў камсамоле тады было толькі 20% дзяўчат. Яны баяліся туды ўступаць.

Еўрарадыё: І першы беларускі фільм называўся «Прастытутка»…

Аляксандр Гужалоўскі: У 1926 годзе адначасова ў вытворчасці ішлі два мастацкія фільмы: «Лясная быль» і «Прастытутка». Першай скончылі вытворчасць «Прастытуткі», але першай паказалі «Лясную быль».

Набыць кнігу Аляксандра Гужалоўскага можна ў кнігарнях Мінска і ў выдавецтве «Янушкевіч».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?